У Менску футбольныя фанаты ўчынілі пагром у тралейбусе
22- 10.07.2014, 10:22
- 14,413
У Менску затрыманыя футбольныя фанаты, што распырсквалі слезацечны газ у тралейбусе.
У Менску адбыўся інцыдэнт з футбольнымі фанатамі клуба «Партызан», падчас якога ультрас блакавалі рух тралейбуса, разбілі ў ім шкло і, пашкодзіўшы корпус, распырскалі слезацечны газ.
Пра гэта паведамілі сайту charter97.org у прэс-службе МУС Беларусі.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Менска ўстанавілі асобы гэтых людзей і затрымалі іх. Як удакладнілі ў МУС, інцыдэнт меў месца недалёка ад гандлёвага цэнтра Maximus. Маладзёны на некалькіх аўтамабілях блакавалі рух тралейбуса №3.
Паводле звестак міліцыі, прычынай такога ўчынку была разборка з фанатамі іншага сталічнага клуба - «Тарпеда», якія знаходзіліся ў салоне тралейбуса.
У дачыненні больш як 10 футбольных фанатаў распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт.339 «Хуліганства» КК. Усе падазраваныя змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, з імі праводзяцца патрэбныя следчыя дзеянні. Акрамя сплаты матэрыяльнай шкоды тралейбуснаму парку фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў.