З пачатку года інфляцыя склала 10,1%
8- 10.07.2014, 15:28
- 6,352
Нягледзячы на гэта, гадавы прагноз урада ў росце коштаў усё яшчэ 11%.
Інфляцыя ў Беларусі за чэрвень у параўнанні з траўнем 2014 склала 1,2%, паведамляе БелТА са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Такім чынам, за першае паўгоддзе інфляцыя склала 10,1%. Пры гэтым варта адзначыць, што афіцыйны гадавы прагноз складае 11%, аднак можа быць перагледжаны ў горшы бок - да 16-17%.
Экс-кіраўнік Нацыянальнага Банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што гэты паказчык перавысіць нават 20%.
«Рост коштаў будзе большы за 20%, але як пададуць ўлады, цяжка сказаць. А ў рэальнасці мы бачым працяг узрастаючай інфляцыі па ўсіх азімутах. Гэта значыць перадумовы перавысіць паказчык у 16-17% ёсць. І ўсе заявы пра тое, што стаўка рэфінансавання будзе паніжана да 14-18%, заснаваныя проста на адміністрацыйных пастановах. Бо нават калі казаць, што інфляцыя будзе 16%, то стаўка рэфінансавання павінна быць большай за 20% для таго, каб яе стрымліваць», - падкрэсліў экспэрт у каментары сайту charter97.org.