3 траўня 2024, Пятніца, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейцы дапамаглі польскаму байкеру адбараніць матацыкл ад мытні

23
Берасцейцы дапамаглі польскаму байкеру адбараніць матацыкл ад мытні

Паездка байкера з Польшчы Барташа Слабіцкага ў Беларусь магла скончыцца для яго сур'ёзнымі непрыемнасцямі.

Ягоная гісторыя пачалася з ягонай просьбы аб дапамозе, размешчанай у сацыяльных сетках, піша «Брэсцкая газета».

Барташ Слабіцкі, у мінулым выкладчык ангельскай мовы, ужо шмат гадоў прыязджае ў Беларусь, але апошняя паездка магла скончыцца для яго сур'ёзнымі непрыемнасцямі. Прычынай таму стаў пратэрмінаваны дазвол на часовы ўвоз матацыкла, які арыштавалі на мытні. На яго гаспадара была заведзеная справа, якую перадалі ў суд Маскоўскага раёна Берасця.

У звароце, размешчаным у сацсетках, грамадзянін Польшчы Барташ Слабіцкі распавядаў пра тое, што яго старэнькі «Інтрудэр» зламаўся як раз перад выездам з Беларусі, а часу на пачын матацыкла сышло даволі шмат.

«У суботу 24 траўня пасля мотапарада ў Берасці я сабраў рэчы, пагрузіў іх на матацыкл і меў намер ехаць на мяжу. У гэты момант высветлілася, што мой матацыкл (яму 17 гадоў) не заводзіцца. Я неадкладна пачаў шукаць прычыну паломкі. Гэта была субота - выходны дзень, таму я б не змог звярнуцца ні ў адну майстэрню. Але на тэрыторыі фестывалю прысутнічалі некалькі тысяч матацыклістаў, а сярод іх было шмат майстроў. Увесь дзень да позняй ночы проста на тэрыторыі базы адпачынку «Арляня» яны спрабавалі выявіць праблему і адрамантаваць мой матацыкл, але рамонт змаглі скончыць толькі раніцай у нядзелю. Парамантаваць матацыкл мне дапамагалі больш за 10 чалавек (майстры, механікі) з розных краін (Расеі, Літвы і, вядома, Беларусі) », - напісаў Барташ.

Менавіта з-за паломкі польскі байкер не паспеў своечасова перасекчы мяжу і паўстаў перад судом. Першае слуханне скончылася не на карысць Барта. Яму пагражала пакаранне ў выглядзе канфіскацыі матацыкла і забарона на ўезд у нашую краіну.

«Для мяне страта майго байка раўнасільная страце сябра. Я з ім ужо 17 гадоў. На працягу пяці гадоў я прыязджаў у Беларусь і ніколі не парушаў мясцовых законаў. Цяпер я звяртаюся з просьбай да тых, хто дапамагаў мне рамантаваць матацыкл, выступіць сведкамі ў судзе і абараніць мае інтарэсы», - прасіў Барташ.

Ягоная просьба не засталася без увагі. На паўторнае слуханне прыехалі амаль усе браты па духу, якія дапамагалі ў ліквідацыі паломкі. Прычым некаторыя з байкераў не пашкадавалі свайго часу і пераадолелі сотні кіламетраў. Прыехалі з Гародні, Баранавічаў, Івацэвічаў, і гэта, нягледзячы на тое, што пазнаёміліся з Бартам не так даўно.

Не застаўся ў баку і карэспандэнт «Брэсцкай газеты», а таксама віцэ-консул Рэспублікі Польшча Славамір Лучак. Але нават пры такой падтрымцы Барт прыкметна хваляваўся, мераючы крокамі калідор мясціны Феміды. Сведкавыя паказанні не пакінулі сумневы ў тым, што Барташ не з'яўляецца злосным парушальнікам, а пратэрмінаваны часовы ўвоз - гэта толькі следства збегу абставінаў. Пастанова суддзі стала для паляка нечаканай, бо ён унутрана ўжо падрыхтаваўся да самага горшага. Суддзя абмежавалася прысуджэннем штрафу ў суме 20 базавых адзінак і пастанавіла вярнуць матацыкл уладальніку.

Пасля слуханні Барт здзіўлена развёў рукамі: «Я не разумею, чаму суддзя стала настолькі лаяльная да мяне. Прычына, паводле якой быў вынесены такі мяккі прысуд, можа быць, альбо ў прысутнасці віцэ-консула і прэсы, альбо ў якасці паказанняў сведкаў, - і, усміхнуўшыся, дадаў: - можа, і ў тым, што я надзеў белую кашулю на слуханне!»

Цяпер заставалася толькі пачакаць 10 дзён да ўступлення пастановы суда ў дзеянне, выплаціць штраф у даход РБ, праехаць на мытню для афармлення новага часовага ўвозу і забраць свой байк. Але простыя фармальнасці лёгка перараслі ў бюракратычную валакіту, што для паляка было рэальнай праблемай.

«Я замежны грамадзянін, і жыць некалькі дзён у Берасці, каб нейкі мытны начальнік змог паставіць подпіс на дакументах, мне складана. На шчасце, на дапамогу зноў прыйшлі сябры і далі часовы прытулак. У выніку пасля двух дзён хаджэння па горадзе і збору патрэбных папер я змог атрымаць сваю маёмасць. Хоць усё магло б зацягнуцца значна даўжэй.

Для мяне незразумела, чаму ўсяго адзін подпіс трэба чакаць столькі часу? - здзіўляўся Барташ. - Цяпер я ўпэўнены, што ў вас бюракратычная машына працуе з вялікім размахам. І ўсё роўна я люблю вашую краіну і буду прыязджаць сюды зноў і зноў. Тут мне падабаецца ўсё: чысціня і парадак, душэўнасць людзей і прыгажосць прыроды...»

Вось ужо некалькі гадоў польскі байкер жыве і працуе ў Лондане. Ён займаецца дастаўкай прадуктаў харчавання. Паводле ягоных слоў, гэтая праца дазваляе сумяшчаць хобі і прафесійную дзейнасць, да таго ж яшчэ і прыносіць заробак. «У сярэднім я працую паўгода, збіраю неабходную суму, а затым адпраўляюся ў дарогу. Часцей за ўсё я наведваю Беларусь і трохі падарожнічаю па Еўропе. Як толькі прыходзіць восень і заканчваецца мотасезон, я вяртаюся на працу і зноў занураюся ў звычайныя лонданскія будні», - распавёў Барташ.

Дзякуючы таму, што адбылося падчас паездкі ў Беларусь, як прызнаўся герой гэтай гісторыі, ён змог пераканацца ў тым, што байкерскае братэрства не міф. «Менавіта ў цяжкіх сітуацыях можна праверыць, хто напраўду твой сябар, а хто проста дае пустыя абяцанні. У Еўропе з падтрымкай людзей справа ідзе значна горш, там прывыклі не звяртаць увагі на чужую бяду. Беларусам яшчэ атрымоўваецца захоўваць тыя душэўныя якасці, якія дазваляюць ім прыходзіць на дапамогу чалавеку. Я гэта вельмі цаню», - падзяліўся Барташ Слабіцкі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках