Беларускі плывец стаў чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў
1- 12.07.2014, 14:25
- 4,432
На чэмпіянаце Еўропы ў плаванні сярод юніёраў у Нідэрландах беларускія спартоўцы здабылі першую ўзнагароду.
На дыстанцыі 50 м брасам мацнейшым сярод канкурэнтаў у фінале стаў магілёвец Станіслаў Паздзееў, паведамляе БелТА.
У вызначальным заплыве беларус крануў фінішны борцік першым, паказаўшы вынік 28,34 сек. Пры гэтым ён значна палепшыў ранейшы асабісты рэкорд (29,01 сек). Срэбра здабыў паляк Кшыштаф Такарскі (28,57 сек), бронза ў расейца Антона Чупкова (28,60).
Яшчэ адзін прадстаўнік зборнай Беларусі Яўген Кавалёў у фінале 50-метровай дыстанцыі брасам заняў 5-е месца (28,68 сек).
У фінал на дыстанцыі 100 м вольным стылем здолеў прабіцца беларус Віктар Красачка, дзе паказаў 6-ы вынік (50,55 сек).
З пачатку спаборніцтваў, якія праходзяць у Дордрэхце, прадстаўнікі беларускай каманды спаборнічалі на многіх дыстанцыях, аднак у медальныя заплывы не прабіліся. Максім Дзялендзік і Ксенія Чайка занялі 15-е месца. На дыстанцыі 100 м на спіне Дзялендзік завяршыў выступ у паўфінале (57,14 сек), як і Ксенія Чайка на 50 м брасам (33,24 сек). Астатнія беларусы занялі больш нізкія пазіцыі ў пратаколах.
Наперадзе ў юных спартоўцаў яшчэ два дні спаборніцтваў. Фінішуе еўрапейскае першынство 13 ліпеня.