Відавочцы: З Расеі ў Луганскую вобласць заехала калона бронетэхнікі
66- 12.07.2014, 15:17
- 51,499
Дзяржаўную мяжу Украіны перасекла вялікая калона бронетэхнікі пад сцягамі Расейскай Федэрацыі.
Аб гэтым карэспандэнту УНІАН заявіў кіраўнік грамадскай арганізацыі - Грамадзянская ініцыятыва «Права справа» Зміцер Снегіроў, які запэўніў, што гэтую інфармацыю яму перадаюць непасрэдна з месцаў падзеі чальцы ягонай грамадскай арганізацыі і мясцовыя жыхары, якія з'яўляюцца відавочцамі таго, што адбываецца.
Са слоў відавочцаў, «каля 12.00 праз Сухадольск прайшла з боку мяжы вялікая калона бронетэхнікі з адпаведнай маркіроўкай Узброеных сіл РФ на брані і пад расейскімі сцягамі, прычым танкі новай мадыфікацыі». Снегіроў адзначыў, што мясцовыя жыхары таксама паведамілі, што гэтая калона падзялілася на дзве часткі - адна рушыла ў напрамку Свярдлоўск-Ізварына, іншая - у бок Луганску. Відавочцы таксама паведамляюць, што ў калоне ёсць «некалькі грузавікоў з жывой сілай».
Снегіроў падкрэсліў, што «ніхто ўжо не хавае, адкуль прыбывае ва Украіну вайсковая тэхніка і баевікі, якія прыязджаюць ваяваць на баку тэрарыстаў».
Разам з тым, адказваючы на пытанні журналістаў, спікер інфармацыйнага цэнтра РНБА Андрэй Лысенка сёння на брыфінгу заявіў, што на гэты момант няма інфармацыі аб перасячэнні калонамі расейскай тэхнікі ўкраінска-расейскай мяжы.