2 траўня 2024, Чацвер, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Крамянецкі: Дзесяць сутак арышту ў Ельску я правёў у прыбіральні

7
Зміцер Крамянецкі: Дзесяць сутак арышту ў Ельску я правёў у прыбіральні

Суд Гомеля пачаў разгляд пазову Дзмітрыя Крамянецкага аб спагнанні маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

Сума гэтая - за катаванні, якія перанёс палітвязень на працягу дзесяці дзён арышту - да суду і пасля яго, знаходзячыся ў ізалятары пры Ельскім райаддзеле міліцыі. Суддзя Марыя Дамненка адклала разгляд справы на 19 жніўня, бо сыходзіць у адпачынак, паведамляе «Радыё Свабода».

22 лютага Дзмітрыя Крамянецкага і Мікалая Дземідзенку затрымалі на мяжы ўкраінскія памежнікі. Актывісты накіроўваліся ў Кіеў на Еўрамайдан. Ахоўнікі мяжы, да якіх, мабыць, яшчэ не дайшла інфармацыя пра ўцёкі Януковіча, паставілі маладафронтаўцам штампы ў пашпарты аб забароне ўезду на тэрыторыю Украіны на працягу пяці гадоў.

Што было далей, распавядае Зміцер Крамянецкі: «Нас знялі ўкраінскія памежнікі, перавезлі на беларускі бок і перадалі нашым. А тыя ўжо - я думаю, быў нейкі загад зверху - выклікалі міліцыю. Мы сядзелі на той мяжы некалькі гадзін. Потым нас проста прывезлі ў Ельскі РАУС і склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 17.1 - лаяліся матам. Хуліганка - гэта заўсёды, гэта звычайная практыка ў нашай краіне. А што ж яшчэ могуць прыдумаць? Схема простая і адпрацаваная, таму няма патрэбы вынаходзіць ровар».

Суддзя Ельскага раённага суда Іван Цалкоў, які разглядае міліцэйскія пратаколы, таксама ровара не вынайшаў: прысудзіў 24 лютага Дзмітрыя Крамянецкага і Мікалая Дземідзенку да 10-дзённага арышту, які яны і адбылі ў ізалятары пры Ельскім РАУС.

«Камера метры два на два, двое двухпавярховых нараў. На двух чалавек разлічана, але там і аднаму месца мала. Нас удваіх пасадзілі ў камеру, дзе ўжо быў арыштант. І далі па паўматраса - адзін на двух, і па паўкоўдры. Нары, на якіх мы спалі, - 20 сантыметраў ад прыбіральні. Гэта не вядро, а тыпу ўнітаза - нейкага дагістарычнага. Не ведаю, можна параўнаць, што 10 сутак мы сядзелі ў прыбіральні. Я ў Менску арандаваў кватэру, так у мяне прыбіральня была большая, чым тая камера. Душа няма. Дзесяць дзён мы не маглі нават памыцца».

Дзмітрый паведаміў, што, адбыўшы ў нечалавечых умовах пакаранне, ён з адвакатам звярнуўся ў пракуратуру. На прызначаны ў чэрвені судовы разгляд пазову Дзмітрыя Крамянецкага прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама ў суд не з’явіўся. Была толькі даслана пісьмовая просьба аб пераносе судовага паседжання на іншы час.

11 ліпеня пазоў маладафронтаўца разглядаўся па сутнасці. Валянціна Радзівонава, якая паводле даверанасці прадстаўляла абласную міліцыю, пазоў не прызнала. Спаслалася на тое, што, маўляў, маральная шкода спаганяецца тады, калі чалавека пакаралі несправядліва і паводле крымінальнай справы. Пастанову ж Ельскага суда на арышт Крамянецкага не адмянілі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках