2 траўня 2024, Чацвер, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Жбанкоў: «Славянскі базар» - дэманстрацыя ілюзорнага «братэрства»

15
Максім Жбанкоў: «Славянскі базар» - дэманстрацыя ілюзорнага «братэрства»

«Славянскі базар» у Віцебску традыцыйна застаецца аглядам артыстаў расейскай эстрады.

Украінскіх выканаўцаў тут заўсёды таксама было нямала. У Віцебску ў розныя гады пабывалі ўсе ўкраінскія «зоркі» першай велічыні. Як мяркуе беларускі культуролаг Максім Жбанкоў, канфлікт ва Украіне сур'ёзным чынам не адаб'ецца на «Славянскім базары»: фармат мерапрыемства прадугледжвае выключна прарасейскі акцэнт, паведамляе расейская служба «Радыё Свабода».

«Cлавянскі базар» у свой час перажыў рэбрэндынг (першапачаткова гэта быў фестываль польскай песні ў Віцебску) і набыў выразныя расейскацэнтрычныя рысы. Фактычна «Славянскі базар» ніколі не быў пляцоўкай раўнапраўных партнёраў, гэта былі дні культуры імя Расейскай Федэрацыі. Нічога не зменіцца і ў гэтым годзе. «Славянскі базар» ніколі не быў і чыста культурніцкай падзеяй. Гэта дэманстрацыя публічнай палітычнай салідарнасці Беларусі і Расеі. Гэты палітычны вектар у цяперашняй сітуацыі яшчэ больш узмоцніцца», - заявіў ён.

Аднак трывожныя ноткі для арганізатараў прагучалі: расейская вакальная група «Хор Турэцкага» выканала ўкраінскую «Пісню пра ручнік», пажадаўшы Украіне росквіту. Падчас нумару сцэна амфітэатра была аформленая ў колеры нацыянальнага сцяга Украіны, узорамі ўкраінскіх ручнікоў і вышыванак. «Дэмарш» заснавальніка калектыву Міхаіла Турэцкага, бацькі якога родам з Беларусі, у Віцебску стараюцца не афішаваць. «Што датычыцца ўзаемаадносін з Украінай, то тут, вядома, узнікае пэўная няёмкасць. Аднак фармат «Славянскага базару» прадугледжвае ўдзел толькі беспраблемных, «дыетычных» поп-артыстаў, якія ні ў якай меры не здольныя «пакрыўдзіць» расейскіх братоў. Многія з іх будуць спяваць па-расейску. Нават тут я ніякіх момантаў напружанасці не бачу. Механізм адбору прадугледжвае пэўную лаяльнасць расейскацэнтрычнаму фармату», - кажа Максім Жбанкоў.

Украіну на фестывалі ў Віцебску ў гэтым годзе прадстаўляюць у асноўным артысты «другога эшалона». Ці можа расейская старана дапамагаць беларусам фармаваць спісы ўдзельнікаў? Максім Жбанкоў упэўнены, што звяртацца да такіх закулісных схем няма неабходнасці:

«Я не думаю, што беларускія гаспадары носяць спісы ўдзельнікаў на ўзгадненне расейскім партнёрам. Нейкі элемент ідэалагічнага адбору, я б нават сказаў, ідэйна-эстэтычнага адбору, безумоўна, прысутнічае, але гэта не звязана з пажаданнямі Расеі. Вульгарны поп-культурны густ, які дамінуе на «Славянскім базары», не мае палітычнага вымярэння і, па вялікім рахунку, нікому не перашкаджае. Гэта значыць, калі нават прыедуць украінскамоўныя якія-небудзь «папрыгушкі-вяртушкі», гэта не стане праблемай. Больш за тое, гэта будзе дэкаратыўнай дэманстрацыяй ілюзорнага славянскага братэрства. За якім на самой справе стаіць, перш за ўсё, расейскі імперскі інтарэс».

Многія жыхары Віцебска на час «Славянскага базару» імкнуцца з'ехаць з горада. Музычныя крытыкі канстатуюць, што з года ў год рэпертуар фестывалю практычна не змяняецца. Асноўнай ударнай сілай застаюцца расейскія «поп-фолк-пенсіянеры», якія, дарэчы, ледзь не аднагалосна падтрымалі палітыку Крамля ў дачыненні да Украіны.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках