Прэзідэнтка Бразіліі праспявала песню заўзятарам
3- 12.07.2014, 20:05
- 5,982
Дылма Русэф праспявала песню ў стылі самба, каб падтрымаць бразільцаў пасля моцнай паразы ад Нямеччыны.
Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай на The New York Times.
Дылма Русэф выканала некалькі куплетаў з песні Pick Yourself Up вядомага бразільскага кампазітара Паўлу Ванзаліні (Paulo Emilio Vanzolini).
Нацыянальная каманда Бразіліі саступіла Нямеччыне з лікам 1:7, што з'яўляецца самай вялікай паразай пяціразовых чэмпіёнаў свету ў гісторыі правядзення мундыяляў.
Пасля матчу раз'юшаныя заўзятары падпалілі некалькі аўтобусаў і самаходаў у Сан-Паўлу. Акрамя гэтага інцыдэнту і непарадкаў у Рэсіфі, у Бразіліі абышлося без масавых пагромаў.
Некаторыя апанэнты Русэф заявілі, што параза каманды стала прадвеснікам яе асабістай паразы на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку. У адказ на гэта прэзідэнтка заклікала не мяшаць футбол і палітыку.
Перад пачаткам чэмпіянату свету ў Бразіліі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць турніру. Мясцовыя жыхары былі незадаволеныя велізарнымі выдаткамі на арганізацыю мундыяля.
У фінале чэмпіянату свету каманда Нямеччыны згуляе з аргентынцамі, якія нанеслі паразу Нідэрландам у сэрыі пэнальці.