14 траўня 2024, aўторак, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускі КК уключаць «антытэрарыстычныя артыкулы»

23
У беларускі КК уключаць «антытэрарыстычныя артыкулы»

У пачатку 2015 года ў Крымінальным кодэксе Беларусі з'явяцца новыя артыкулы.

Сярод іх арт.290-2 «Спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці», піша БелТА. У прыватнасці, «за вярбоўку ці іншае ўцягванне» чалавека ў тэрарыстычную дзейнасць, роўна як і навучанне ці іншую падрыхтоўку для ўдзелу ў такой дзейнасці будзе пагражаць да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Калі ж такія дзеянні будуць учыненыя з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў - да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй. Пры гэтым чалавек можа быць вызвалены ад адказнасці, калі своечасова паведаміць дзяржаўным органам аб злачынстве, якое прадугледжвае гэты артыкул, альбо ж іншым чынам паспрыяе прадухіленню або спыненню такога злачынства.

Акрамя таго, новы арт.290-3 будзе прадугледжваць крымінальную адказнасць і за праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці - да дзесяці гадоў з канфіскацыяй. У гэтым артыкуле таксама прадугледжанае вызваленне ад адказнасці, аналагічнае арт.290-2.

Таксама ў кодэкс уводзяцца арт.290-4 «Стварэнне арганізацыі для правядзення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй» і арт.290-5 «Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі» КК. Акрамя гэтага, карэктуюцца арт.235 «Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», арт.289 «Акт тэрарызму», арт.290-1 «Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці», арт.292 «Захоп будынкаў і збудаванняў» ды іншыя. Карэктаванне ўносіцца і ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ён таксама ўвойдзе ў дзеянне ў пачатку 2015 года.

Як паведамлялася раней, закон закліканы, у тым ліку абцяжарыць фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. Гэта значыць ён прыводзіць заканадаўства ў адпаведнасць са стандартамі FATFML (Financial Action Task Force on Money Laundering) - міжурадавай арганізацыі для барацьбы з адмываннем грошай. Закон дазволіць беларускім банкам прыпыняць, адмаўляць ва ўгодах або разрываць кантракты з сумніўнымі кліентамі пры правядзенні фінансавых аперацый. Напрыклад, банкі будуць надзеленыя правам на два дні прыпыніць угоду - за гэты час фізічная або юрыдычная асоба будзе правераная. Калі ўгода з'яўляецца легальнай, фінансавая аперацыя працягнецца ў штатным рэжыме. Права разрываць кантракт з сумніўнымі кліентамі будзе дадзенае ўсім банкам (дзяржаўным і прыватным) і пазабанкаўскім арганізацыям, якія праводзяць фінансавыя аперацыі як з юрыдычнымі, так і з фізічнымі асобамі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках