29 красавiка 2024, панядзелак, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аргентынскія заўзятары адзначылі паразу на ЧС пагромамі

5

Пасля паразы зборнай Аргентыны ў футболе ў матчы з камандай Нямеччыны ў Буэнас-Айрэсе шуганулі непарадкі.

Прынамсі 20 чалавек атрымалі раны, 50 хуліганаў былі затрыманыя. Адбыліся рабаванні і пагромы крамаў, бараў і нават банкаў, паведамляе мясцовае выданне Tn.com.ar.

Паліцыя і сілы бяспекі Буэнас-Айрэса вымушаныя былі ўжыць супраць агрэсіўнага натоўпу слезацечны газ, гумовыя кулі і вадамёты. Пагромы пачаліся адразу пасля заканчэння матчу на галоўным праспекце Дзевятага ліпеня каля 67-метровага абеліска, які ўважаецца за сімвал аргентынскай сталіцы. Паводле звестак журналістаў, расчараванне ад паразы вылілася ў агрэсію, у тым ліку таму, што людзі, якія назіралі за гульнёй на гіганцкім экране, устаноўленым у цэнтры сталіцы Аргентыны, ўжылі вялікую колькасць алкаголю.

Спачатку маладыя заўзятары залазілі на ліхтарныя слупы, на аўтамабілі, танцавалі, размахвалі сцягамі, пускалі феерверкі, бо агулам гульня зборнай Аргентыны на ЧС была паспяховай. Але затым група агрэсіўна настроеных фанатаў, вядомая як "барабравас", пачала кідаць розныя прадметы ў бок паліцыі, якая сачыла за парадкам, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на агенцтва AFP. Пасля таго як паліцыя ўжыла вадамёты, вандалы адступілі і сталі закідваць камянямі крамы і адзін з тэатраў.

У выніку раненні атрымалі 15 паліцэйскіх, якія пацярпелі ад граду бутэлек, палак і камянёў. Пагромшчыкі закрывалі свае твары башлыкамі і адзеннем. Тыя, хто нападаў таксама выламвалі кавалкі пліткі на вуліцах, каб атакаваць вартавых парадку. Акрамя таго, яны падпальвалі смеццевыя бакі. Паліцыянты аператыўна ўціхамірылі бунтаўнікоў, а камунальныя службы ўжо пачалі ўборку смецця на месцы пагромаў.

Зборная Нямеччыны стала чэмпіёнам свету ў чацвёрты раз у сваёй гісторыі, падолеўшы ў фінале Мундыялю зборную Аргентыны з лікам 1:0. Адзіны гол на восьмай хвіліне другога дадатковага тайма забіў Марыё Гетцэ. Лепшым гульцом турніру быў прызнаны капітан каманды Аргентыны Ліянэль Месі. Бундэсманшафт і "альбіселестэ" трэці раз у гісторыі сышліся ў вызначальным двубоі першынства свету. У 1986 годзе мацнейшай была Аргентына чале з Дыегам Марадонам, а ў 1990-м немцы ўзялі рэванш.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках