26 красавiка 2024, Пятніца, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз патоп у Гарадзенскім заапарку патанулі 30 фазанаў

6
Праз патоп у Гарадзенскім заапарку патанулі 30 фазанаў

Праз моцныя дажджы, якія прайшлі ў Беларусі ў мінулыя выходныя, у Гарадзенскім заапарку ў падтопленых клетках загінулі 30 фазанаў.

Паводле звестак МНС, 12 ліпеня ў рэгіёне выпаў 41 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме 77 мм, праз гэта былі падтопленыя 83 падворкі і падвалы прыватных домаўладанняў (з іх 73 - у Гародні), 23 будынкі аб'ектаў і арганізацый рознага прызначэння, пераважна размешчаных на цокальных паверхах , і 40 кватэр шматкватэрных жылых дамоў, піша БелаПАН.

Праз падтапленне помпавага памяшкання ў ААТ «Гародня Азот» была прыпыненая праца цэхаў «Аміяк-4» і «Карбамід-4». Аварыйна-выратавальнай тэхнікай МНС і сіламі работнікаў прадпрыемства вада была адпампаваная.

Вада падмыла 250 м грунту чыгуначных шляхоў у цэхах філіяла № 5 «Гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў» ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». На месцы здарэння праведзеная падсыпка грунта і адпампоўка вады. Тэхналагічны працэс не парушаны.

Цяпер вядуцца аднаўленчыя работы пашкоджаных участкаў дарожнага пакрыцця дзесяці гарадзенскіх вуліц – 17 Верасня, Кульбацкай, Архітэктурнай, Рыбацкай, Нёманскай, Асфальтавай, Прыгараднай, Санаторнай, Збажовай, завулка Чыгуначнага.

Каб прадухіліць прарыў трубаправода на вуліцы 17 Верасня ад гарачага водазабеспячэння адключаныя 23 домаўладанні. Зарэгістраванае парушэнне электразабеспячэння сямі шматкватэрных жылых дамоў на вуліцы Дзяржынскага і будынка Дзяржаўнага архіва Гарадзенскай вобласці.

Праз падмыты грунт ёсць пагроза парушэння цэласнасці сцен і перагародак прыватнага жылога дома на вуліцы Спартакаўскай - развязваецца пытанне аб адсяленні жыхароў дома ў падменны жылы фонд.

У сувязі з затапленнем двух калодзежаў на вуліцы Кульбацкай для жыхароў усталяваная бочка з пітной вадой.

Пяць грамадзян у выходныя звярнуліся з заявамі пра падтапленне прыватных легкавых аўтамабіляў. Тройчы ратавальнікі дапамагалі ў распілоўцы дрэў, якія зваліліся на прыпаркаваныя легкавыя аўтамабілі і праезную частку.

Паводле стану на 21.00 13 ліпеня вада з памяшканняў і скляпоў будынкаў і збудаванняў адпампаваная. Пацярпелых людзей няма. Праца аб'ектаў жыццезабеспячэння не парушаная.

Для адпампоўкі вады і ліквідацыі наступстваў непагадзі выкарыстоўваецца тэхніка, а таксама задзейнічаныя работнікі МНС, ЖКГ, дарожных службаў, водаканала і будаўнічых арганізацый.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках