29 красавiка 2024, панядзелак, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стаўкі на фінансавым рынку набліжаюцца да крытычнага ўзроўню

5
Стаўкі на фінансавым рынку набліжаюцца да крытычнага ўзроўню

У Нацбанка практычна не застаецца рэзерву для далейшага зніжэння стаўкі рэфінансавання ў гэтым годзе.

З 16 ліпеня стаўка рэфінансавання зніжаецца з 21,5% да 20,5%. У мінулым годзе апошні раз стаўка была зніжаная ў чэрвені, пасля чаго была «замарожаная» на адзнацы ў 23,5% аж да сярэдзіны красавіка гэтага года, калі Нацбанк зноў прыступіў да яе зніжэння, піша газета «Беларусы і рынак».

Зрэшты, у мінулым месяцы зніжэнне стаўкі прыйшлося прыпыніць праз высокую інфляцыю ў траўні. І хоць інфляцыя ў чэрвені некалькі запаволілася, патэнцыял для новага яе разгону захоўваецца. Так што ліпеньскае падвышэнне стаўкі рэфінансавання можа быць апошнім у гэтым годзе.

Далейшае зніжэнне стаўкі рэфінансавання пры сапраўдных тэмпах інфляцыі будзе азначаць, што яна альбо зраўняецца, альбо нават можа стаць ніжэйшай за гадавое значэнне інфляцыі, якое паводле вынікаў чэрвеня склала 20% (чэрвень 2014 да чэрвеня 2013).

Але кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова нядаўна агучыла прагноз рэгулятара паводле магчымага значэння стаўкі рэфінансавання на канец года. З яе слоў, яна можа скласці 18-20%. Такім чынам, ужо з 16 ліпеня стаўка рэфінансавання ўшчыльную падыдзе да верхняй планкі, агучанай Ермаковай.

І далейшыя крокі ў зніжэнні стаўкі будуць залежаць ад двух фактараў - ад тэмпаў інфляцыі, а таксама ад таго, наколькі хутка будуць зніжацца стаўкі ў дэпазітах.

Што тычыцца першага фактару, то ліпеньская інфляцыя можа быць не надта высокай (ва ўсякім разе, у параўнанні з травеньскай, калі яна склала 2,2%) з прычыны сезоннага зніжэння коштаў на сельгаспрадукцыю.

Сельгасвытворцы ўжо прадэманстравалі запаволенне росту сваіх коштаў, аднак зніжэнне пакуль ідзе толькі ў раслінаводстве - у чэрвені ў параўнанні з траўнем кошты сельгасвытворцаў у гэтым сектары знізіліся на 1,3%, у жывёлагадоўлі працягваецца рост коштаў - яны выраслі за чэрвень на 1,5%, што вышэй за тэмпы росту спажывецкіх коштаў агулам, які склаў у чэрвені 1,2%.

Таксама з апярэджаннем інфляцыі адбываўся рост коштаў у чэрвені ў вытворцаў прамысловых спажывецкіх тавараў - яны дадалі 1,6%. Кошты ў будаўніцтве выраслі на 2%, а на будаўніча-мантажныя працы - на 2,8%, тарыфы на паслугі сувязі для юрыдычных асоб і зусім павялічыліся на 4,1%. Усё гэта будзе штурхаць і далей спажывецкія кошты ўверх, калі ўрад зноў не пачне іх абмяжоўваць адміністрацыйнымі метадамі.

Яшчэ адным інфляцыйным фактарам могуць стаць меры, якія плануе прыняць Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) у дачыненні да краін, якія падпісалі ў мінулым месяцы дамову аб асацыяцыі з ЕЗ. Так, на 16 ліпеня запланавана пасяджэнне ЕЭК у пытанні вядзення ахоўных мер у дачыненні да Малдовы. Калі будзе прынятая пастанова, якая хоць неяк абмяжоўвае пастаўкі малдаўскіх гародніны і садавіны на рынкі Мытнага саюза, гэта можа негатыўна паўплываць на кошты ў Беларусі, якая традыцыйна пастаўляла з Малдовы танную сельгаспрадукцыю.

У кожным выпадку, нават калі ў ліпені інфляцыя крыху зменшыцца ў параўнанні з чэрвеньскім паказчыкам, наўрад ці Нацбанк наважыцца на зніжэнне стаўкі рэфінансавання з тым жа крокам, што і раней, гэта значыць на 1 працэнтны пункт. Хутчэй за ўсё, стаўка калі і панізіцца, то да 20%, гэта значыць толькі на 0,5 адсоткавага пункта. Такім чынам, яна дасягне верхняй планкі прагнозу, агучанага Ермаковай, і ў далейшым Нацбанк можа спыніць зніжэнне ў выпадку паскарэння інфляцыі восенню.

Нацбанк дзейнічае пакуль даволі асцярожна, памятаючы пра мінулагоднюю няўдалую спробу панізіць стаўкі летам. Тады інфляцыя была не такая высокая, як сёння, аднак на фоне зніжэння стаўкі Нацбанк тады пачаў і больш хуткае паніжэнне курсу беларускага рубля. Гэта выклікала імгненную рэакцыю - людзі масава сталі здымаць беларускія рублі і перакладаць іх у даляры, у сувязі з чым прыйшлося экстранна падымаць стаўкі па дэпазітах, якія да таго часу значна апусціліся.

Што тычыцца курсу беларускага рубля, то Нацбанк на гэты раз падстрахаваўся - Ермакова заявіла, што курс на канец года складзе 10.700-10.800 BYR/USD. А гэта значыць, што да канца года мяркуецца нават больш павольная дэвальвацыя рубля, чым у першым паўгоддзі.

Аднак небяспека хуткага зніжэння ставак па рублёвых дэпазітах, якія ўсё яшчэ значна (больш чым на 10 працэнтных пунктаў) адрозніваюцца ад стаўкі рэфінансавання, сёння таксама існуе. Банкі ўжо на мінулым тыдні пайшлі на зніжэнне ставак - як толькі было абвешчана аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, хоць адбудзецца гэта толькі 16 ліпеня. Але, навучаныя горкім леташнім досведам, банкі (відавочна, не без вусных рэкамендацый з боку Нацбанка) зніжаюць іх патроху. У мінулым годзе, знізіўшыся адразу на 5-10 працэнтных пунктаў, стаўкі па некаторых папулярных дэпазітах апусціліся ніжэй за 30% гадавых, што на фоне паскоранай дэвальвацыі і прывяло да рэзкай дэстабілізацыі на рынку.

Сёння стаўкі на дэпазітным рынку зноў ушчыльную наблізіліся да адзнакі ў 30% гадавых, а гэты ўзровень, на думку многіх, з'яўляецца кропкай пераходу ад рублёў у валюту для насельніцтва, таму паніжаць іх далей будзе даволі праблематычна.

Пакуль рынак станоўча адрэагаваў на тое, што Нацбанк не стаў паніжаць стаўку ў чэрвені - знізіўся ціск на валютны рынак (насельніцтва купіла ў чэрвені значна менш валюты, чым у траўні), а рублёвыя дэпазіты выраслі (на 2,9%) супраць іх скарачэння ў траўні (на 0,5%). Таму пастанову аб далейшым зніжэнні стаўкі рэфінансавання і астатніх ставак на фінансавым рынку Нацбанк відавочна будзе прымаць з улікам паводзін насельніцтва ў ліпені.

Зрэшты, у верасні ўрад абяцае павысіць заработную плату лекарам і настаўнікам. І нават калі паспрабаваць звязаць гэтыя грошы чарговым павышэннем цэн і тарыфаў, усё роўна прыйдзецца трымаць стаўкі па рублёвых дэпазітах на досыць высокім узроўні, бо гэта выкліча чарговы віток інфляцыі. У адваротным выпадку, амаль увесь прырост зарплаты восенню будзе канвертаваны ў валюту.

Такім чынам, у Нацбанка практычна не застаецца рэзерву для далейшага паніжэння стаўкі і цалкам магчыма, што на ліпеньскай адзнацы ў 20,5% Нацбанк у гэтым годзе і спыніцца, у лепшым выпадку, панізіўшы яе яшчэ раз на 0,5-1 працэнтны пункт.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках