5 траўня 2024, Нядзеля, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Няўзораў: Рэвалюцыя ў Расеі неўнікнёная

29
Аляксандр Няўзораў: Рэвалюцыя ў Расеі неўнікнёная

Усякая вайна адкрывае дарогу рэвалюцыі.

У канцы 80-х - пачатку 90-х Аляксандр Няўзораў вёў на пецярбуржскай тэлевізіі культавую вострасацыяльную праграму "600 сэкундаў", якая мела шалёны рэйтынг гледачоў і была адным з сімвалаў перабудовы. Затым (акрамя журналістыкі і дэпутацтва ў Дзярждуме) былі войны ў Прыднястроўі і Чачэніі, у якіх, з ягоных слоў, ён удзельнічаў і як ваяка, і як рэпарцёр.

У інтэрв'ю кіраўніку праекта gordonua.com Дзмітрыю Гардону ў 2011 годзе Няўзораў сказаў, што чачэнская вайна была патрэбная абедзвюм старанам канфлікту, каб яны навучыліся паважаць адна адну. Праз тры гады, у пачатку 2014-га, у інтэрв'ю выданню Znakён канстатаваў, што мэта Крамля ў Чачэніі не дасягнутая, у вайне параза, і Расея "цяпер абавязаная плаціць даніну": "Гэта непрыемна, але трэба набрацца мужнасці і вымавіць гэтыя словы. Супраць усёй вайсковай машыны Расеі было тры тысячы непрафэсіяналаў-чачэнцаў, якія доўга круцілі велізарнае войска на чэлесе". Няўзораў даўно сышоў з публічнай палітыкі ды палітычнай журналістыкі і цяпер у СМІ з'яўляецца толькі як публіцыст або відэаблогер. Апошнім часам ён усё часцей крытыкуе палітыку Расеі і заяўляе, што авантура Крамля ў Крыме і на Данбасе каштавацьме ягонай краіне дорага.

- Аляксандр Глебавіч, Ваша рэакцыя на падзеі ва Украіне выяўна адрозніваецца ад той, якую Вы дэманстравалі яшчэ надоечы: падчас чачэнскіх ваенных кампаній вы безумоўна падтрымлівалі палітыку Крамля, цяпер - яе асуджаеце. Чаму раптам перагледзелі свае погляды?

- Калі мне задаюць такія пытанні, я раю ўзяць нататнік, які павінен быць у кожнага журналіста, і запісаць у яго такія - магчыма, не ўсім вядомыя - тэрміны, як "развіццё" і "эвалюцыя". Мы для таго праходзім войны і бачым жахі нашага жыцця, каб мець магчымасць аналізаваць і, у выніку, мяняць непрыдатныя погляды.

Імпэрскі нацыяналізм - магутны ідэалагічны наркотык, з якога цяжка саскочыць. Ён вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека, і патрабуецца значны досвед, сур'ёзныя ўражанні і вялікая праца над сабой, каб сысці з гэтай іголкі. Эвалюцыя поглядаў адбываецца і тады, калі ты бачыш, як дорага каштуе нам гэтая імпэрыя. А самае галоўнае тое, што, колькі б за яе ні было заплачана, у выніку мы бачым той жа шэры, панылы і бессэнсоўны вынік, што і заўсёды.

Я не памяняў погляды - яны сталі іншымі пад уплывам абставінаў. Усё ў гэтым свеце развіваецца: калісьці людзі меркавалі, што Зямля пляскатая, потым, атрымаўшы новыя звесткі, зразумелі, што гэта не так.

- У сваім блогу, які Вы ведзяце на адным з папулярных сайтаў, вы кагадзе вельмі непрыемна адгукнуліся пра чальцоў тэрарыстычных груповак, якія ваююць на ўсходзе Украіны. На Ваш погляд, там сапраўды няма людзей, якія бароняць свае - хай і чужыя вам - ідэалы, напрыклад, расейскую ідэю, прапаганду абранасці і асаблівае пакліканне расейскага народа?

- Так званая расейская ідэя, як бы яна ні фармулявалася першапачаткова, заўсёды прычыняецца толькі да аднаго - да патрэбы накруціць чужыя кішкі на тракі нашых танкаў. І гэта пры тым, што яна можа быць вельмі прыгожа запакаваная ў словы пра духоўнасць, дабрыню, нясенне ідэалаў справядлівасці і святла.

Сітуацыя, якая склалася ў Данбасе, для мяне асабліва драматычная, бо там ваюе шмат маіх старых сяброў, з якімі звязаныя важныя моманты майго жыцця - добрых і прыстойных людзей, якія знаходзяцца пад дзеяннем таго самага імпэрскага патрыятычнага наркотыку, ад якога не вольныя нават самыя лепшыя прадстаўнікі роду чалавечага. Так, там далёка не ўсе прайдзісветы, нягоднікі і нацысты, але цяпер, і мы павінны гэта разумець, гэта ўжо не мае ніякага значэння - сваю страшэнную ролю гэтыя людзі сыгралі.

- Якія ў Вас прагнозы на развіццё сітуацыі?

- Па-мойму, спрацаваў спускавы механізм вельмі вялікай і вусцішнай вайны, хоць цяпер яшчэ мала хто гэта разумее. І спыніць працэс немагчыма, бо адбылося непапраўнае - вайна пачала кіраваць сама сабой. І, баюся, ніякімі намаганнямі мы ўжо не здолеем вярнуць статус-кво, які існаваў дагэтуль.

- Але ж гэта дрэнна скончыцца і для самой Расеі!

- Прычым значна горш, чым для Украіны. Таму ж я так моцна і турбуюся. Паверце, я вельмі прыязна стаўлюся да вашай краіны, і мне не абыякава, што з ёй будзе далей, але яшчэ больш мяне хвалюе лёс Расеі, бо тут жыву я і мае блізкія. А яе будучыня – страшнейшая за ўкраінскую, асабліва, калі ўлічыць, што нехта намовіў Расеі недарэчную думку аб тым, што ў яе ёсць войска.

- А Вы мяркуеце, што яго няма?

- Расейскія ўзброеныя сілы войскам не з'яўляюцца, ды і ніколі не з'яўляліся - ні за савецкім часам, ні пазней. З тых часоў нічога не змянілася, іх толькі вонкава трохі закамуфлявалі: сляпым снайперам раздалі прыгожую форму, глухім сувязістам пафарбавалі шаломы, а спітым падпалкоўнікам, якія любілі праводзіць шыхтаванні на мінным полі - я ў Чачэніі асабіста такое бачыў і не раз! - дадалі некалькі пёраў у нейкае месца.

Што ж да сітуацыі, якая склалася, то яна жудасная, і з кожным днём яна будзе станавіцца ўсё горшай і горшай. Вайна вельмі рэдка здараецца раптоўна, як у кіно, і ніколі не працягваецца дзеля таго, дзеля чаго яна пачалася - з кожным днём расце камяк крыўдаў, нянавісці, прапаганды - як пісаў Блок "кожны дзень крыўды множыць". У выніку забываюць, які, уласна, быў зыходная пункт. Паколькі падзеі развіваюцца нарастальна, то вядома, што, на жаль, праз паўгода мы будзем успрымаць нашу цяперашнюю размову як вельмі наіўную і дзіцячую ў параўнанні з тымі жахамі, якія нам яшчэ трэба будзе перажыць. Свет - рэч далікатная вельмі, і, на жаль, неразуменне таго, што яго трэба ўсялякім коштам захоўваць, чарговым разам усіх нас пакінула, а натуральныя чалавечыя якасці - глупства, прагнасць, агрэсіўнасць - перамаглі. Я вельмі спадзяюся, што ва Украіны стане мужнасці і змогі на тое, каб пераадолець тое, што адбываецца, хоць гэта будзе і нялёгка.

- Як Вы думаеце, хто саступіць у гэтай вайне?

- Рэч нават не ў паразе або перамозе ў ваенных дзеяннях, а ў тым, што ўсякая вайна адкрывае дарогу рэвалюцыі, якая, з пункту гледжання прагрэсу, рэч, безумоўна, выдатная, але ў яе ёсць адна істотная загана - яна надзвычай невыгодная для сваіх сучаснікаў. Праз паўстагоддзя, калі гісторыкі ацэняць яе наступствы, стане зразумела, як усё гэта было добра і на часе, але для тых, хто жыў у яе рэаліях, яна прычыняла масу невыгод. На жаль, у нашым выпадку рэвалюцыя неўнікнёная - іншага спосабу працверажэння для 84% грамадзян Расеі, якія падтрымліваюць імпэрскую кішкакруцільную ідэалогію, я не бачу.

- Гэта значыць, мяркуеце, што няма нават праменьчыка надзеі і аптымізму?

- Я, шчыра кажучы, яго не бачу. І не таму, што схільны ўспрымаць усё ў чорных, змрочных барвах - проста добра ведаю гісторыю біялагічнага тыпу homo. Закон, які абвяшчае, што ўсё самае дрэннае, што можа адбыцца, абавязкова адбудзецца, працуе бясхібна.

- Людзі дрэнна вучаць такую ​​навуку як гісторыя?

- Яны яе зусім не вучаць, таму і наступаюць увесь час на адны і тыя ж граблі. Што ж, ніхто не абяцаў, што мы будзем жыць у нейкі надта выгодны час, без войнаў і рэвалюцый. Шкада толькі, што давядзецца пахаваць усе спадзяванні на развіццё краіны, якія яшчэ кагадзе ў нас былі. У гэтым сэнсе з Расеяй усё вядома - яна хоча заставацца ў ролі дагістарычнага дыназаўра, што ўпарта адмаўляецца эвалюцыянаваць. Украіна ж наважыла пайсці шляхам эвалюцыі, чым і выклікала ў нашага дыназаўра дзікую лютасць.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках