8 траўня 2024, Серада, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Независимая газета»: У Беларусі міліцыя блакуе цэлыя вёскі

16
«Независимая газета»: У Беларусі міліцыя блакуе цэлыя вёскі

Улады Беларусі хаваюць выбух свіной чумы на мяжы з РФ.

У розных рэгіёнах краіны масава гінуць свінні, жыхарам настойліва рэкамендуюць пазбавіцца ад гэтых хатніх жывёлін на асабістых падворках, аднак афіцыйна ўлады выбух афрыканскай чумы свіней (АЧС) не прызнаюць. Больш за тое, Лукашэнка настойліва патрабуе аднавіць да канца года пагалоўе, знішчанае леташнім выбухам. На думку экспэртаў, такая палітыка ўлады правакуе разрастанне асяродка і стварае пагрозу для краін-суседак, піша «Независимая газета».

Пра тое, што ў Беларусі зноў рэгіструюцца выпадкі афрыканскай чумы свіней, загаварылі на самым пачатку каляндарнага лета. Інфармацыя цыркулявала на ўзроўні «з вуснаў у вусны», часам трапляючы на старонкі мясцовых рэгіянальных газэт. Так, насельнікі абмяркоўвалі выпадкі згубы свіней на асабістых падворках ў некалькіх раёнах Гарадзенскай вобласці, што не мяжуюць адзін з адным,. Хадзілі чуткі і пра з'яўленне АЧС на комплексе ў Смаргонскім раёне гэтай вобласці. На думку мясцовых жыхароў, іх спарадзіў «дзіўны» ажыятаж вакол свінакомплексу - жывёлу чамусьці вывозілі начамі. Праўда, афіцыйна факт АЧС ні журналістам, ні нават мясцоваму насельніцтву не пацвердзілі. Газэта «Вечерний Гродно» пісала пра сітуацыю ў адной з гаспадарак - СВК «Дэмбрава» недалёка ад абласнога цэнтра, у якім мясцовыя ўлады рэкамендавалі жыхарам цалкам знішчыць свіное пагалоўе, а саму вёску ачапілі міліцэйскія патрулі, каб мяса не вывозілася за яе межы. Ветслужбы заявілі, што ніякай чумы няма, а ўсё, што адбываецца - захады прафілактыкі: з пачаткам сэзона грыбоў-ягад люд пайшоў у лес, і высокая імавернасць заражэння ад дзікоў.

Затым паведамлялася аб масавай загубе свіней і рэкамендацыях мясцовых улад пазбавіцца ад свінога пагалоўя ў Мядзельскім раёне Менскай вобласці. Мясцовыя жыхары таксама распавядалі аб дзіўных начных работах на тутэйшым свінакомплексе. «Я не маю права казаць», - адказваў мясцовы галоўны ветлекар на пытанні журналістаў пра прычыны падзей. Праўда, на ўзроўні начальства некаторых сельскіх саветаў наяўнасць АЧС у прыватных падворках прызнавалі і «чыста па-чалавечы» рэкамендавалі пазбавіцца ад свінняў. Што да комплексаў, то «афіцыйнай паперы няма, нічога сказаць не магу», стаялі насмерць рэгіянальныя чыноўнікі.

Даслоўна два дні таму ў мясцовых СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што такая сітуацыя і ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Як і ў папярэдніх выпадках, жыхарам паведамілі, што АЧС няма, ёсць толькі падазрэнні, але свіней лепш забіць. Раён мяжуе з Расеяй. Як паведамлялася, 8 ліпеня Расейская федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду паведаміла аб працягу распаўсюджвання АЧС на тэрыторыі Калужскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей.

На нацыянальным узроўні ўлады аб чуме маўчаць. Больш за тое, актыўна абмяркоўваецца пэрспэктыва аднаўлення пагалоўя, страчанага з прычыны АЧС летась. Мінус, паводле звестак статыстыкі, склаў амаль 20%. Прэзідэнт Лукашэнка, рэагуючы на дэфіцыт свініны ў гандлі і ўзрослым удвая кошце гэтага тыпу мяса, запатрабаваў ад урада развязаць праблему. У прыватнасці, ён перакананы, што калі каранцін з прычыны чумы зняты, то трэба зноў адчыняць зачыненыя летась фермы і комплексы. «Сяголета ідзе будаўніцтва яшчэ 15 свінагадоўчых комплексаў, якія будуць уведзеныя ў 2015 годзе. З улікам іх уводу павялічыцца пагалоўе свіней на 320-330 тысяч (11,1%)», - бадзёра рапартаваў на мінулым тыдні аб выкананні даручэння прэзідэнта міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.

Экспэрты аграрнага рынку, а таксама і спецыялісты ў нефармальных гутарках сцвярджаюць, што перамагчы АЧС Беларусі не выпадае ў немалой ступені і праз тое, што праблема замоўчваецца. Замест таго, каб «біць у набат», заклікаючы насельніцтва да пільнасці, ветэрынарныя ўлады не проста робяць выгляд, што ўсё добра, але і гучна кажуць пра аднаўленне раней зачыненых фермаў. Як вынік - супакоенае насельніцтва таксама заводзіць парсюка. Паколькі АЧС няма, то ніхто і не папярэджвае насельніцтва аб небяспецы, якая паходзіць ад звыклых выпраў у лес у грыбы-ягады, таму лагічна, што хвароба зноў прыйшла на падворкі вяскоўцаў. «Аб пагрозе і захадах засцярогі павінны крычаць з кожнага праса, кажуць экспэрты, а тут цішыня і заспакоенасць». Прымусу ўлад да аднаўлення пагалоўя – гэта ўвогуле шкодніцтва ў вельмі вялікім памеры. «Няма гарантыі, што праз паўгода, калі свіней выгадуем, і можна будзе іх прадаваць, не здарыцца паўтарэння гісторыі з чумой. Вы разумееце, якія гэта выдаткі? Мы баімся пайсці з торбай», - кажуць прадстаўнікі гаспадарак.

Яшчэ адна прычына захавання ў Беларусі АЧС - канфлікт інтарэсаў з нагоды лёсу папуляцыі дзіка ў краіне. Ветэрынарныя ўлады ўпэўненыя, што менавіта дзікія жывёліны - галоўныя разносчыкі і пагроза бяспецы, яны заклікаюць урад даць згоду на іх поўнае знішчэнне. Аднак для лясной галіны платнае паляванне на дзіка - сур'ёзная крыніца даходу, таму галіновае лобі гамуе гэты працэс штосілы. Дапамагаюць ім у гэтым сілавікі, у шэрагах якіх большасць беларускіх паляўнічых. Беларускія чыноўнікі пачуваюцца дачаснікамі, якіх турбуе толькі іхні дабрабыт і толькі ў гэты момант часу, таму згуба галіны і зніжэнне аб'ёмаў харчовага экспарту турбуе толькі тых, хто адказвае за гэта напроста, - аграрныя ўлады. Аднак іх лобі значна слабейшае.

Дарэчы, у суседняй Літве была прынятая менавіта такая пастанова - знішчыць 90% папуляцыі дзіка. Не баяліся ўлады і абвяшчаць надзвычайную сітуацыю, каб не дапусціць распаўсюджвання АЧС. Сёння, калі прымежныя рэгіёны Беларусі зноў захліснула чума, пагроза яе далейшага распаўсюджвання ў Еўропу, Расею і Украіну паўстала зноў. Нагадаем, што летась улады Беларусі прызналі наяўнасць выбуху АЧС толькі пасля настойлівых патрабаванняў Расеі.

Менск наказаў: свіней знішчыць і маўчаць.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках