8 траўня 2024, Серада, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя аднаго кандыцыянера: усталяваць нельга здымаць

9
Гісторыя аднаго кандыцыянера: усталяваць нельга здымаць

Менскія ЖЭСы працягваюць лакальныя «зачысткі» жылых дамоў ад самавольна ўсталяваных кандыцыянераў і спадарожнікавых антэн.

Сваёй гісторыяй з рэдакцыяй onliner.by падзялілася пенсіянерка Ірына Мядзянік. Прахалода ў летнюю спёку патрэбная жанчыне паводле стану здароўя, але адміністрацыя Кастрычніцкага раёна прымусіла яе зняць з фасада кандыцыянер. Са слоў менкі, чыноўнікі вымушаюць яе жыць у «газавай камэры».

Ірына жыве ў доме № 14 на вуліцы Брылеўскай. Ейная кватэра знаходзіцца на апошнім, чацвёртым, паверсе, не мае балконаў і выходзіць вокнамі на паўднёвы бок і дарогу з жвавым аўтамабільным рухам.

- Кандыцыянер з'явіўся ў мяне дома ў 2011 годзе, калі абвастрыліся праблемы з сэрцам. Так што халаднаватае паветра не капрыз, а жыццёвая патрэба, - кажа жанчына, паказваючы даведку з паліклінікі. - Вядома, аб фармальнай забароне мантажаваць кандыцыянеры на фасадах я ведала, але больш не магла жыць у задусе. Паставіла на свой страх і рызыку. Дык усе ж так рабілі.

У траўні летась выйшла гучная пастанова Саўміна № 384, якая рэгулюе парадак усталявання спадарожнікавых антэн ды іншых канструкцый на дахах і фасадах жылых дамоў, і ўжо ў верасні Ірына атрымала з ЖЭСа прадпісанне на дэмантаж. У выпадку прамаруджання галоўны інжынер прыстрашыў падагнаць аўтавышку і зрэзаць кандыцыянер. Каб унікнуць лішніх праблем, давялося выклікаць майстра і зняць знадворны блок.

- Увесну сёлета выйшла на пенсію, стала бавіць больш часу дома. Вы памятаеце, якім спякотным быў травень - я проста канала, - згадвае Ірына Мядзянік. - Улетку гарышча награваецца, і цяпло ідзе ў кватэру. Калі на вуліцы вышэй за 20 градусаў і сонечна, тут пачынаецца «газавая камэра», быццам батарэі хто ўвамкнуў. Усе тры вокны выходзяць на адзін бок - скразняк стварыць немагчыма. Ды і праветрываць доўга нельга: тлум, пыл, выдыховыя газы. Самаходы, кратаючыся са святлафора, газуюць проста ў вокны.

Тым часам на фасадах суседніх дамоў усталявана некалькі кандыцыянераў. Іх ніхто не дэмантуе. Больш за тое, тры кандыцыянеры вісяць на першым паверсе дома, дзе жыве Ірына. Яны належаць Беларускаму саюзу дызайнераў і каўбаснай краме. Абсталяванне затуленае адмысловымі шчытамі і, мяркуючы з усяго, не выклікае прэтэнзій ва ўлад раёна.

- Напісала заяву ў выканкам з просьбай дазволіць усталяванне кандыцыянера са шчытом, афарбаваным у колер фасада, - адмовілі. Чаму краме і дызайнерам можна, а жыхарам не? - задае пытанне пенсіянерка. - Начальнік ЖЭСа параіў дэкарацыйныя краты і кветкі - таксама нельга. Раённая архітэктарка прапанавала змясціць кандыцыянер на даху - тут ужо ЖЭС адпрэчыў ідэю: маўляў, няма магчымасці правесці мантаж на схільнай паверхні. Быў яшчэ варыянт гарышча, але МНС не дало згоды.

Апошні з магчымых варыянтаў - замацаваць кандыцыянер на другім муры, з боку двара. Архітэктар раёна не пярэчыць, а вось суседзі, чые вокны выходзяць у двор, катэгарычна супраць. Асцерагаюцца тлуму.

- Тады сабралася камісія і пастанавіла: вешайце на дваровым фасадзе пад самым дахам. Я зрахавала выдаткі - не пацягнем. За кошт падоўжанай трасы вартасць мантажных работ павялічыцца да $ 500. Акрамя таго, калі ставіць кандыцыянер пад дах, трэба замаўляць аўтавышкі - яшчэ мінімум $ 100. І раз на год давядзецца арандаваць уздымнік для абслугоўвання кандыцыянера. У мяне пенсія 2,4 млн. Дзе я знайду такія грошы? У пратаколе так і запісалі: жыхарка супраціўляецца праз высокі кошт работ.

- Знадворны выгляд фасада для чыноўнікаў важнейшы за здароўе людзей, - робіць выснову Ірына. - Хадзіла на прыйманне да кіраўніка адміністрацыі, распавяла пра свае праблемы. Ён павёў сябе непрыгожа: маўляў, не спекулюйце са сваімі даведкамі... Наш дом не помнік архітэктуры, а вуліца Брылеўская ня галоўны гарадскі праспект. Вазьміце больш значныя вуліцы: Прытыцкага, Багдановіча, - выйдзіце з ГУМа і паглядзіце на вуліцу Леніна - вісяць кандыцыянеры, і ніхто іх не кранае. Толькі ў нас у Кастрычніцкім выканкаме ўпяліся: не дый годзе. Як быццам не існуе больш важных праблем, чым фасады.

Сітуацыю парталу пракамэнтавалі ў адной з менскіх кампаній, якая распрацоўвае праекты ўсталявання кандыцыянераў і дапамагае ўзгадняць іх у раённых адміністрацыях. Са слоў спецыялістаў, нашай чытачцы не пашанцавала з раёнам.

- Больш за ўсё прадпісанняў на дэмантаж атрымліваюць жыхары Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў Менска. А вось у Заводскім і Ленінскім раёнах да нелегальна усталяваных кандыцыянераў і антэн ставяцца лаяльна і не ладзяць "зачыстак", - распавялі ў кампаніі. - У 90% выпадкаў у аддзелах архітэктуры ідуць насустрач і прапануюць розныя варыянты. Напрыклад, усталяванне блока на дваровым фасадзе з пракладкай трасы па лесвічнай клетцы. У такім выпадку, праўда, выдаткі на мантаж могуць павялічыцца ў 3-4 разы. Адзін мэтар трасы каштуе $ 17.

За апошнія гады толькі ў адміністрацыі Савецкага раёна мы не здалелі атрымаць ніводнага дазволу. Мінулым летам тамтэйшы юрыст заявіў нашаму замоўцу, што калі ён хоча паставіць кандыцыянер, то павінен заручыцца згодай 50% уласнікаў кватэр у доме і сабраць іхнія подпісы. Як тут збярэш, калі шмат якія ўласнікі здаюць жыллё? Зрэшты, нягледзячы на такія перашкоды, адміністрацыя Савецкага раёна не прымушае здымаць кандыцыянеры. Прынамсі, наша кампанія пра такія факты ня ведае. Да нас звярталіся толькі тыя кліенты гэтага раёна, якія з уласнага жадання хацелі легалізаваць абсталяванне.

Прадпісанне на дэмантаж могуць выпісаць з дзвюх асноўных прычын: альбо скаргі суседзяў, альбо кандыцыянер замацаваны на фасадзе. Аднак тут ёсць нюанс. Як адзначана ў пастанове Саўміна № 384, не дапускаецца ўсталяванне інжынернага абсталявання «на фасадах жылых дамоў, якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы». Рэч у тым, што Менгарвыканкам дагэтуль не вызначыў, якія вуліцы ў горадзе з'яўляюцца галоўнымі. І архітэктар кожнага раёна пакідае гэтае пытанне на сваё суб'ектыўнае меркаванне. Такая ж няпэўнасць і з даведкамі ад лекараў. У адным раёне іх могуць прыняць і пайсці насустрач, узгадніўшы змяшчэнне кандыцыянера, а ў іншым катэгарычна адмовяць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках