2 траўня 2024, Чацвер, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск замарозіў малы прымежны рух з Польшчай

5
Менск замарозіў малы прымежны рух з Польшчай

15 ліпеня ў Менску пасля працяглага перапынку адбылося пасяджэнне беларуска-польскай міжурадавай камісіі ў справах трансмежнага супрацоўніцтва.

Пры ўсёй значнасці гэты аспэкт дзвюхстаронніх стасункаў наўрад з'яўляецца самым важным, аднак ён вельмі навочна адлюстроўвае існыя ў іх праблемы, пішуць «Беларускія навіны».

Мяжа застанецца на замку?

Задача камісіі, якая існуе з далёкага 1992 года, у каардынацыі агульных кірункаў, праграм і формаў трансмежнага супрацоўніцтва, у тым ліку тэрытарыяльнага планавання і ўладкавання на мяжы пунктаў прапускання і адпаведнай інфраструктуры.

Апошнімі гадамі востра дыскутуецца сітуацыя вакол пагаднення аб малым прымежным руху (МПР), які павіне істотна палегчыць парадак перасячэння мяжы грамадзянамі абедзвюх краін, што жывуць у 30-кіламэтровай прымежнай зоне.

Дакумэнт быў падпісаны яшчэ ў лютым 2010 года. У тым жа годзе Польшча закончыла ўсе патрабаваныя працэдуры, перадала партнёрам адпаведную ноту і з таго часу чакае адказу.

Менск жа рухацца ў гэтым кірунку не спяшаўся, прычым надта і не хаваючы, што асноўныя пярэчанні носяць палітычны характар. Так, у сакавіку летась тагачасны прэс-сакратар беларускага замежнапалітычнага міністэрства Андрэй Савіных заявіў, што з прычыны жорсткай антыбеларускай пазіцыі, якую займае польскі ўрад, «уваход у дзеянне пагаднення... бліжэйшым часам не прадугледжваецца».

Не сказаць, каб Варшава апошнім часам палагаднела да палітыкі Менска. Тым не менш, на згаданай сустрэчы старшыня беларускай часткі камісіі, намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў прапанаваў ужо зусім іншае тлумачэнне сітуацыі вакол дамовы аб МПР.

Паводле ягоных слоў, галоўная перашкода ў тым, што памежны рух можа закрануць 1,6 млн чалавек, бо ў яго зону трапляюць такія вялікія гарады, як Берасце і Гародня. А паколькі праз мяжу і гэтак праходзіць велізарная тавара-пасажырская плынь, то спачатку трэба стварыць новыя пункты пераходу, новыя палосы для транспарту, пабудаваць новыя масты, інакш, маўляў, узнікне калапс.

Такое тлумачэнне выглядае крыху дзіўным. Вельмі сумнеўна, каб пры падпісанні дакумэнта не былі вядомыя ні патэнцыйная колькасць удзельнікаў працэсу, ні магчымасці наяўных пунктаў. Да таго ж за чатыры мінулыя гады ў гэтым кірунку можна было зрабіць вельмі шмат. Ведама ж, пры наяўнасці жадання.

Збліжэння не праглядаецца

Але ў тым і рэч, што асаблівага жадання збліжацца з Варшавай не назіраецца. Больш за тое, як уяўляецца, цяперашняе беларускае кіраўніцтва менавіта Польшчу ўважае за адную з самых галоўных супраціўніц. Падужацца ў гэтым сэнсе з ёй могуць хіба што Злучаныя Штаты.

Вось ужо на працягу двух дзесяцігоддзяў казаць пра нейкую блізкасць не выпадае. Наадварот, можна падаць велізарная колькасць прыкладаў, якія сведчаць аб тым, што паміж пазіцыямі старон існуе шэраг прынцыповых супярэчнасцяў.

Адной з найбольш кардынальных з'яўляецца адрозненне ў падыходах да дэмакратыі і правоў чалавека. Акрамя таго што Польшча вельмі энэргічна крытыкуе беларускія ўлады за няправільныя дзеянні ў гэтым пытанні ў рамках агульнай палітыкі Еўразвязу, у яе ёсць з Менскам уласная крыніца супярэчнасцяў - сітуацыя вакол гнанага Звязу палякаў. У адказ Варшава абвінавачваецца ва ўкараненні «карты паляка» і нават у экспансіянісцкіх намерах.

Яшчэ адным грунтоўным каменем спатыкнення з'яўляюцца дыямэтральна супрацьлеглыя погляды старон на ваенную бяспеку. Польшча ўвайшла ў склад NATO, з нагоды чаго афіцыйны Менск неаднаразова выказваў моцную незадаволенасць.

Беларускія ж улады, у сваю чаргу, уступіўшы ў шчыльны вайсковы хаўрус з Масквой, пачалі рэгулярнае правядзенне супольных манэўраў, сцэнар якіх выклікаў негатыўную рэакцыю Варшавы.

Між тым нават на гэтакім неспрыяльным фоне эканамічнае ўзаемадзеянне развіваецца даволі паспяхова. У спісе вядучых замежных гандлёвых партнёраў Беларусі Польшча займае шостае-сёмае месца. У 2013 годзе паказчык ўзаемнага таварнага абарачэння вярнуўся да дакрызіснай (2008 год) сумы 3 млрд даляраў. Праўда, пры гэтым сальда з дадатнага (660 млн) ператварылася ў адмоўнае (-800 млн).

***

На сёння стан дачыненняў паміж нашымі краінамі можна ахарактарызаваць як параўнальна спакойны.

Напрыклад, 10 чэрвеня ў Варшаве прайшлі палітычныя кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, абмеркаванае «шырокае кола пытанняў, у тым ліку ўдасканаленне дзвюхстаронняй прававой базы, становішча беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і польскай - у Беларусі».

У той жа час з упэўненасцю казаць пра стабільнасць такога становішча і тым больш аб спрыяльных пэрспэктывах наўрад магчыма. Для гэтага трэба, каб адна са старон радыкальна памяняла свой пункт гледжання ў дачыненні да іншай. У існых варунках такое развіццё падзей выглядае практычна нерэальным.

Адпаведна, спадзяванняў на ўступленне ў сілу ў найбліжэйшай будучыні дамовы аб малым памежным руху, на жаль, няшмат.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках