9 траўня 2024, Чацвер, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падатак на паветра» і яшчэ 10 пабораў для турыстаў

2
«Падатак на паветра» і яшчэ 10 пабораў для турыстаў

Падатак, аб якім абвясціў найбуйнейшы аэрапорт Венесуэлы, скалануў сацыяльныя сеткі.

Шмат каму падалася абуральнай сама ідэя аб тым, што аплату новых сістэм ачысткі паветра павінны аплачваць падарожнікі.

Тым больш што плата за "чыстае паветра" не такая ўжо мізэрная - 127 балівараў або блізу 15,5 еўраў - а самому аэрапорту нашмат больш патрэбен рамонт туалетаў, чым свежае паветра, піша rus.DELFI.lv.

Аднак гэта, хоць і адзіны свайго кшталту "падатак на паветра", далёка не першая і не астатняя прымусовая даніна, з якой даводзіцца сутыкацца падарожнікам. Вось яшчэ 10 прыкладаў, падрыхтаваных брытанскім выданнем The Telegraph.

Падатак на вагу

Летась авіякампанія Samoa Air стала першым у свеце перавознікам, які наважыў браць з пасажыраў плату ў простай залежнасці ад іхняй вагі. Такім чынам, кампанія проста матывуе людзей сачыць за сваёй вагой... і не набіраць яе падчас адпачынку ў Самоа. Зрэшты, мы ўпэўненыя, што далёка не ўсе прымуць гэты падатак за абуральны - ужо напэўна не тыя, хто апынуўся на 10-гадзінным рэйсе паміж двума таўстунамі... іншая рэч, што на Самоа ўсе палёты вельмі кароткія.

1 еўра за цыгарэту

У 2011 годзе Міжнародны аэрапорт Белфаста пастанавіў патрабаваць па еўра з тых, хто наважыць наведаць адмысловую зону для курэння, чым вельмі раззлаваў тых, хто спрабуе "напаліцца" перад доўгім пералётам.

Платныя пластыкавыя мяшкі

А прадпрымальнае кіраўніцтва аэрапорта Лутон, які абслугоўвае брытанскую сталіцу, у 2007 пачало прадаваць пластыкавыя пакуначкі, патрэбныя для выканання правіла "100 мл вадкасці". Прасілі фунт стэрлінгаў (1,2 еўра), праўда, не за адзін пакунак, а адразу за два. Шчодра.

Ручная паклажа - залатое дно

Wizz Air мінулай восенню стала першай у свеце авіякампаніяй, якая стала браць плату за правоз ручной паклажы, большай, чым 42x32x25 см - 15 еўра за торбачку, вымі ды пакладзі. Эстафету падхапілі амэрыканскія авіякампаніі - заморскі лаўкостэр Frontier Airline запатрабаваў 100 даляраў (75 еўра) за права праносіць ручную паклажу на борт (усякую). Праўда, гэта калі плаціць у аэрапорце. Пры аплаце зараней онлайн кампанія куды больш ласкавая і жадае толькі 25 даляраў (18 еўра). Авохці, а то мы ўжо спужаліся...

Развітальны пацалунак... за грошы

Шмат якія брытанскія аэрапорты патрабуюць невялікую плату за магчымасць заехаць на самаходзе ў зону высадкі пасажыраў. Аплата не перасягае некалькіх еўраў за 15-30-хвіліннае развітанне, а вось за перавышэнне ліміту чакае драконаўскі штраф у суме 100 еўраў. Развітвайцеся хутчэй!!!

Плата за коўдру

Хочаце прабавіць транслантлантычны пералёт калі не з выцягнутымі нагамі, то хоць бы лежачы пад коўдрай? Будзьце ахвочыя заплаціць 5 (Norwegian), а то і ўсе 25 даляраў ЗША (Allegiant Air).

Плата за творчасць чыноўнікаў

Для Ryanair цяжар рэгулы EU261, якая абавязвае ўсе авіякампаніі плаціць кампэнсацыі за спазненні і скасаванне рэйсаў, стаўся надмерны - надоечы яна пачала браць з пасажыраў плату ў суме 2 еўры як раз "у кошт выплаты" гэтай рэгулы. Даволі дзіўны крок для авіякампаніі, якая пазіцыянуе сябе як перавозніка, які "заўсёды на часе". Што наступнае? Пэўна, калі ў салоне Ryanair спрацуе аварыйная сігналізацыя і выпадуць кіслародныя маскі, яна не пасаромеецца ўзяць з пасажыраў плату і за іх выкарыстанне таксама.

Дарэчы, смех смехам, а выкарыстанне тэрапеўтычнай кіслароднай маскі на борце самалётаў Ryanair магчымае - за памяркоўную плату ў 100 еўраў.

Плата за змену імя

Большасць лаўкостэраў зарабляюць на змене імя (нават калі трэба выправіць памылку друку) у квітку, аднак горшай, прынамсі, у Еўропе, становіцца зноў Ryanair - рыхтуйцеся заплаціць 110 еўраў (або 160, калі ў аэрапорце)! Праўда, калі яна выявіцца на працягу дня пасля рэзэрвавання квітка, то паправяць яе бясплатна.

Плата за развіццё аэрапорта

Некаторыя параўнальна невялікія брытанскія аэрапорты патрабуюць плату ў суме 10 фунтаў стэрлінгаў, фактычна, двойчы абкладаючы паборамі ўсіх пасажыраў, якія праз іх праходзяць. А куды пасажыры падзенуцца?

Паліўныя зборы

Нягледзячы на тое, што кошт нафты і, адпаведна, паліва не стаіць на месцы і скача туды-сюды, пераважная большасць авіякампаній ўважае за лепшае "заўважаць" іх падвышэнне і "не заўважаць" паніжэнне, таму паліўны збор толькі расце. Часам гэтае падвышэнне можа быць вельмі драматычным - напрыклад, у 2012 годзе з пачаткам высокага сэзону ўсе брытанскія авіякампаніі падвысілі гэты збор у сярэднім на 53% пры росце кошту авіяцыйнага паліва толькі на 24%.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках