8 траўня 2024, Серада, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі палітолаг: Украінцам трэба вярнуцца да ідэі ВКЛ

86
Літоўскі палітолаг: Украінцам трэба вярнуцца да ідэі ВКЛ

Сёння зноў стала актуальнай ідэя Вялікага княства Літоўскага.

І яе зрабіла актуальнай менавіта Расея, якая вядзе адкрытую вайну з Украінай. Як нявесела жартуюць самі ўкраінцы, Уладзімір Пуцін зрабіў хоць бы адну добрую справу: згуртаваў іх народ. Але цяпер украінцам трэба наноў перагледзець сваю ідэнтычнасць. Менавіта таму зноў можа стаць актуальнай ідэя ВКЛ. Пра гэта піша літоўскі дырэктар Цэнтра грамадска-палітычных стратэгій Віргініюс Савукінас у артыкуле, апублікаваным на сайце ru.DELFI.lt.

10-12 гадоў таму ў закуліссі дыпламатыі, у публіцыстыцы блукала думка аб рэгіёне, які адпавядаў бы тэрыторыі былога ВКЛ або Рэчы Паспалітай. Без сумневу, ніхто не думаў, што будзе створанае якое-небудзь утварэнне, думалі толькі аб пэўнай ідэнтычнасці, геапалітычнай арыентацыі на Захад. Як і ў ВКЛ.

Падчас «аранжавай рэвалюцыі» ва Украіне візіт прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса і прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага ў Кіеў адразу выклікаў размовы аб адраджэнні Рэчы Паспалітай. Расейскі палітолаг Аляксей Няўзораў, камэнтуючы іхнія выступу ў Кіеве, папярэдзіў, што, мусібыць, адраджаецца Рэч Паспалітая. Паводле ягоных слоў, Польшча, у якой 38,3 млн жыхароў, Літва з 3 млн. жыхароў і Украіна з 48 млн, аб'яднаўшыся, трапляюць у «вышэйшую лігу».

Неўзабаве гэтыя размовы аціхлі. Для Украіны яшчэ не была актуальная спадчына ВКЛ, а ўлады Літвы наважылі, што яе замежная палітыка будзе арыентавана на Брусэль, а рэгіён, у якім краіна хоча дзейнічаць - Паўночная Еўропа, г.зн. Скандынавія.

Праўда, Расея яшчэ раз закранула ідэю рэгіёну ВКЛ, абвясціўшы сваё новае свята - Дзень народнага адзінства, які адзначаецца 4 лістапада. Менавіта ў гэты дзень з Масквы былі выціснутыя літоўцы і палякі. Вядома, гэта дзень расейскай перамогі, але ён нагадвае, што ў пачатку XVII стагоддзя ў Крамлі гаспадарылі палякі і літоўцы. Інакш кажучы, гэтае свята немагчыма зразумець, не сказаўшы, што ў той час было ВКЛ.

Цяпер Расея нашмат мацней актуалізуе патрэбу спадчыны ВКЛ. Напраўду пэрыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай для ўкраінцаў можа стаць вельмі грунтоўным падмуркам для новай ідэнтычнасці, якая дапаможа вызваліцца ад прапанаванага Крамлём геапалітычнага бачання, мадэлі славянскага свету.

І тут вельмі важная роля Літвы. Менавіта сёння літоўцы, акрамя гуманітарнай дапамогі, могуць надаць Украіне больш важную дапамогу - нагадаць аб агульнай гісторыі, агульных справах ды ідэях.

Пуцін актуалізаваў гісторыю ў геапалітычных гульнях. Акупацыю Крыму ён абгрунтаваў гістарычнымі аргумэнтамі. Відавочна, што, згодна з ягоным гістарычным бачаннем, цяперашняй Украіне няма месца. Менавіта таму ёй патрэбны новы гістарычны наратыў, у якім пэрыяд ВКЛ заняў бы важнае месца. І гэта ўжо наша гістарычная місія - дапамагчы стварыць гэта новае выкладанне гісторыі.

Фота: DELFI

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках