8 траўня 2024, Серада, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква прымусіць Лукашэнку распавесці праўду пра свінняў?

8
Масква прымусіць Лукашэнку распавесці праўду пра свінняў?

Менск не пацвярджае масавую загубу свіней у беларускіх гаспадарках.

Пры гэтым, у розных рэгіёнах Беларусі з пачатку каляндарнага лета масава гінуць свінні, жыхарам настойліва рэкамендуюць пазбавіцца ад гэтых хатніх жывёл на асабістых падворках, піша НСН.

Увага мясцовых жыхароў прыкаваная да свінакомплекса ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласці, адкуль, са слоў відавочцаў, кудысьці масава вывозілі жывёл па начох. Беларуская прэса піша пра асяродкі АЧС ў Менскай і Гомельскай абласцях. На рэспубліканскім узроўні ўлады аб чуме маўчаць.

«Паўтараецца сітуацыя мінулага году, калі ўзніклі падазрэнні аб першых выпадках АЧС ў Рэспубліцы Беларусь, і тады цягам прыстойнага часу беларускія ўлады хавалі наяўнасць гэтага небяспечнага захворвання, такім чынам, падставіўшы пад пагрозу і ўласнае пагалоўе, і біялагічную бяспеку РФ, - распавёў кіраўнік выканаўчага камітэта нацыянальнай мясной асацыяцыі Сяргей Юшын. - Толькі пасля настойлівых патрабаванняў Рассельгаснагляду і Мінсельгаса Расеі растлумачыць сітуацыю беларускія ўлады тады прызналі наяўнасць АЧС ў рэспубліцы».

Экспэрт патлумачыў, чым пагражае гэтая сітуацыя для Расеі.

«Беларусь хоць і паменшыла экспарт свініны на расейскую тэрыторыю ў гэтым годзе ў сувязі з уласнымі праблемамі на ўнутраным рынку (у мінулым годзе было страчана 20% пагалоўя, і кошты на свініну выраслі ўдвая), але па-ранейшаму працягвае пастаўляць свежую неперапрацаваную свініну ў Расею. Разам з гэтай свінінай сюды можа патрапіць вірус АЧС, у тым ліку, на прыбытковыя мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Гэта вельмі небяспечна для нашай эканомікі і для сельскай гаспадаркі», кажа ён.

Са слоў экспэрта, распаўсюджванне АЧС звязана з міграцыяй кабаноў ў прымежных раёнах Беларусі.

«Паколькі летні перыяд, і людзі ходзяць у грыбы, проста ходзяць па лесе, вірус пераносіцца на ўсялякім абутку. Калі, скажам, вы ўступілі ў экскрыменты або проста на след заражанай жывёлы. Для Расеі цяпер самым правільным было б адправіць Беларусі запыт з просьбай растлумачыць, што адбываецца, - падкрэсліў Юшын. - Чаму жывёлы вывозяцца па начах амаль што ў таямніцы ў нейкія месцы, куды - на ўтылізацыю або на перапрацоўку? Тут ўзаемадзеянне ветэрынарных уладаў мусіць быць вельмі шчыльнае, прычым не толькі Расеі і Беларусі, але і Еўразвязу, бо гэтая бяда ўжо тычыцца ўсёй еўрапейскай часткі Расеі і ўсяго Еўразвязу. Калі яшчэ надоечы выпадкі АЧС былі толькі ў Польшчы, то сёння яны - і ў Літве, і ў Латвіі. Прычым, яны ўжо перанесліся з дзікай прыроды ў гаспадаркі насельніцтва. Гэта не пройдзе само сабой. У тых еўрапейскіх краінах, дзе ў 50-60-ыя гады з'яўлялася АЧС (Гішпанія, Партугалія), на барацьбу з АЧС на яе поўнае выкараненне сыходзіла ад 10 да 30 гадоў».

«Вірус АЧС абсалютна бяспечны для людзей, але ён смяротна небяспечны для дзікіх і хатніх свіней, - заявіў Юшын. - На тых комплексах, дзе ўзнікаюць асяродкі АЧС праз адную хворай жывёлы, трэба знішчаць усё пагалоўе, у тым ліку здаровае. Апошняя драматычная сітуацыя адбылася на Вялікалуцкім свінакомплексе, дзе на першым этапе даводзіцца знішчаць 20 000 свіней. Цяпер на яшчэ адной пляцоўцы гэтага вытворцы выяўлены вірус АЧС, а сляды віруса ўжо выяўленыя і ў гатовай прадукцыі. Для людзей гэта бяспечна, але гэта можа інфікаваць іншыя аб'екты прамысловай эканомікі».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках