8 траўня 2024, Серада, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Курэйчык: Хачу здымаць бескампраміснае беларускае кіно

1
Андрэй Курэйчык: Хачу здымаць бескампраміснае беларускае кіно

Рэжысёр рыхтуе сцэнар фільма з «чыста беларускай гісторыяй».

Некалькі дзён таму ў паўночнай сталіцы Расеі стартавалі здымкі рамантычнай камедыі «Гараскоп на поспех». Прадзюсуюць фільм Валерый Оня, Сяргей Тарчылін, Сяргей Кулікоў і Уладзімір Юркоў. Бюджэт карціны складзе больш за $ 3 млн.

Пастаноўшчыкам карціны выступіў армянскі рэжысёр Арман Геваргян, аператарам - Дзмітрый Яшонкаў.

Рэдакцыя сайта charter97.org даведалася ў Андрэя Курэйчыка пра што будзе новы фільм і калі яго змогуць убачыць беларусы.

- Раскажыце нам, пра што будзе ваш новы фільм?

- «Гараскоп на поспех» - фільм пра шанцы, які ў нас заўсёды ёсць, калі зрабіць правільны чалавечы выбар. Няма людзей, якія асуджаныя на няшчасце. Няма тых, якім наканаванае толькі райскае існаванне. Колькі б мы не верылі ў лёс, яго сіла не абсалютная. Наш выбар прычыняецца і да таго, і да іншага. І ў маштабах асабістага лёсу, і ў маштабах краіны, што, дарэчы, вельмі актуальна для Беларусі. А адзінай умовай для таго, каб гэты выбар быў правільным - гэта свабода. Гэта галоўная чалавечая каштоўнасць, якую прапаведую я ў сваім кіно.

- Ці задаволены вы акторскім складам?

- Я думаю, што гэта найбольш збалансаваны акторскі склад для сучаснай камедыі. Асноўнай памылкай апошніх фільмаў стала татальнае выкарыстанне «акторскіх груповак»: «камедыклабцаў» здымаюцца толькі ў сваіх фільмах, прадстаўнікі канала СТС - сваіх, квзншчыкі ў сваіх і г.д. У «Гараскопе на поспех» рэдкае спалучэнне і вядомых драматычных актораў: Святланы Хадчанковай, Гошы Куцэнкі, Ганны Чыпоўскай (зорка серыяла «Адліга» Валерыя Тадароўскага) і тэлевізійныя комікі - Дзмітрый Нагіеў, Юрый Рост, і яркі прадстаўнік моднага «Камедзі» Цімур Батрутдзінаў, прадстаўленыя ўсе акторскія пакаленні і амплуа. Гэта мне вельмі падабаецца.

- Чаму вы наважылі зняць менавіта такі фільм і чаму менавіта ў Расеі?

- На жаль, я практычна пазбаўлены магчымасці здымаць кіно ў Беларусі. Мой апошні фільм - драма «Вышэй за неба» - забаронены з палітычных матываў не гледзячы на высокую ацэнку міжнародных фестываляў і экспэртаў, а яго серыяльныя відэаматэрыялы зазналі жахлівую ганебную цэнзуру. Тыя праекты, якія я прапаноўваў міністэрству культуры і «Беларусьфільму» нязменна «зварочваюцца». Мяне ўнеслі ў нейкія «чорныя спісы», у якіх апынуліся «Ляпісы», многія рокеры, рэжысёры, драматургі, «Свабодны тэатр» і нават замежныя «зоркі». І я не ведаю, ці была гэтая варварскае для 21-га стагоддзя пастанова скасаваная. Відавочна, многіх раздражнялі і мае публікацыі ў СМІ. Не падабаецца і мая ацэнка абсалютна ганебнага палітычнага праекту «Авель» («Мы браты»), які закліканы «абяліць» і «апраўдаць» дзеянні сілавікоў на Плошчы 2010 года і падчас тэрактаў. На гэтую прафанацыю, якая грунтуецца на хлусні ва ўсім, ад сцэнару, да «рэжысёра з Галівуду» Віталя Васількова, быў выдаткаваны практычна ўвесь бюджэт беларускага кінематографа гэтага года. Таму даводзіцца аддаваць свой досвед і талент расейскім вытворцам, з якімі даўно і паспяхова супрацоўнічаю.

- Калі ваш фільм выйдзе ў пракат?

- «Гараскоп на поспех» павінен выйсці ў пракат 8 сакавіка 2015 года, у якасці галоўнага рамантычнага і камедыйнага кіна-падарунку для нашых гледачоў. Прафесіяналы кіно змогуць убачыць фільм нават раней, на восеньскім кінарынку.

- Чым вы парадуеце беларускую аўдыторыю ў будучыні?

- Я хацеў бы працягнуць здымаць такое кіно, як «Вышэй за неба» - беларускае і бескампраміснае, аб нашай моладзі, аб нашым грамадстве з беларускай мовай. Я рыхтую новы сцэнар з чыста беларускай гісторыяй. Можа быць, зоркі складуцца - і мне ўдасца знайсці грошы на яго рэалізацыю. Пакуль жа будзем радаваць шырокага гледача яркімі камедыямі. Новая навагодняя гісторыя пішацца проста цяпер.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках