29 красавiка 2024, панядзелак, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Велападарожнікі з Берасця: Мы хочам прыцягнуць увагу да нашай краіны

Беларусы адправяцца ў Еўратур на роварах, а ў падарожжы будуць дэкламаваць вершы беларускіх паэтаў.

«Мы - двое велатурыстаў з Беларусі. Скарыўшы ў мінулым годзе Крым, мы хочам ўскладніць сабе жыццё і праехаць па цывілізаванай і ўпарадкаванай для веласіпедыстаў Еўропе», - пішуць вандроўнікі на сваёй старонцы «Вконтакте», - «На жаль, не шмат хто ведае, дзе знаходзіцца Беларусь. Гэта разварушыла ў нас жаданне звярнуць увагу на нашую культуру, а ровар, як сродак агульнай мовы, быў выбраны ў якасці эфектыўнага інструмента».

Арцём і Станіслаў з Берасця стартуюць 2 жніўня з нямецкага Дзюсельдорфа і плануюць праехаць 1100 км па 5 еўрапейскіх краінах. Вынікам падарожжа стане пазітыўны відэаролік.

Рэдакцыя сайта charter97.org спытала ў хлопцаў, аб якой Беларусі яны будуць распавядаць за мяжой.

- Чаму вы выбралі такі фармат вандроўкі і чаму менавіта такі маршрут?

- Працяглыя велавандроўкі - выдатны спосаб убачыць шмат новага і «адпачыць стамляючыся». Сапраўдны і эфектыўны адпачынак магчымы толькі пасля сапраўднай фізічнай або маральнай нагрузкі. Выбар маршруту абумоўлены нашым жаданнем ахапіць як мага больш за кароткі тэрмін.

- Ці ведаеце вы, у колькі абыдзецца такое падарожжа? Ці ёсць у вас спонсары або партнёры ў гарадах, куды вы адпраўляецеся?

- Пра спонсарства былі думкі, але мы наважылі справіцца з усім самі. Бюджэт запланаваны, узгоднены і распісаны загадзя. Выходзіць прыкладна 400-500 еўра на чалавека, мяркуем, што гэтага дастаткова.

- Як нашы чытачы змогуць сачыць за вашым падарожжам?

- За намі можна сачыць у «Фэйсбуку» і «Вконтакте».

- Якой вы бачыце Беларусь, пра якую Беларусь вы будзеце распавядаць за мяжой?

- Мы будзем расказваць пра Беларусь, у якой свеціць сонца, дзеці гуляюць у дварах, людзі смяюцца і ўсміхаюцца і не баяцца хадзіць па вуліцах. І, што немалаважна, мы хочам прыцягнуць да нашай краіны ўвагу: у прыватнасці, растлумачыць, што гэта асобная ад Расеі дзяржава, у якой ёсць свая культура, мова і традыцыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках