29 красавiка 2024, панядзелак, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск можа ўвайсці ў 20-ку самых веласіпедных гарадоў свету

19
Менск можа ўвайсці ў 20-ку самых веласіпедных гарадоў свету

Менск выперадзіць Мадрыд, Брусэль і Сінгапур у даўжыні веладарожак.

Менск да 2015 года можа ўвайсці ў 20-ку самых веласіпедных гарадоў свету паводле агульнай працягласці сеткі веладарог. Такі прагноз зрабіў намеснік дырэктара ў развіцці сеткі «Велазона» Ігар Давыдзенка.

Агульная даўжыня магістральных і сумешчаных веладарожак Менска да 2015 годзе можа дасягнуць 500 км. Тым самым горад атрымае адну з самых працяглых сетак веладарог на постсавецкай прасторы. Раней паводле даўжыні веладарожак Менск абышоў Маскву, у якой веласіпедыстам даступна каля 150 км дарог, паведамілі сайту charter97.org.

Менск зможа перасягнуць і многія еўрапейскія гарады, у тым ліку Мадрыд, Будапешт, Мілан, Брусэль, Прагу і Барселону. Беларуская сталіца таксама пакіне далёка ззаду Сінгапур, Токіё, Рыа-дэ-Жанейра і Буэнас-Айрэс. Разам з тым, Менск усё яшчэ будзе саступаць ім у колькасці веласіпедыстаў.

Самыя працяглыя сеткамі веладарог маюць Капенгаген, Нью-Ёрк і Вена: у кожным з іх налічваецца больш за 1000 км веладарог. Хутка развіваюцца веладарогі Бэрліна і Манрэаля, працягласць якіх перасягае 700 км. Такой жа даўжыні дасягне да канца гэтага года парыжская сетка веласіпедных дарожак.

«Асаблівасць Менска палягае ў вялікай колькасці сумешчаных дарог, на якіх ровары вымушаныя дзяліць прастору з пешаходамі. Калі ў краінах Еўразвязу веласіпедысты часцей за ўсё ездзяць па асобна выдзеленай паласе дарогі як паўнавартасны транспартны сродак, то ў Беларусі - перасоўваюцца па ходніках», - адзначыў экспэрт.

Асноўнай перашкодай для веласіпедыстаў выступаюць высокія бардзюры. «Збольшага таму найбольшай папулярнасцю сярод менчукоў карыстаюцца горныя ровары - як правіла, такіх марак, як GT, LTD і Cannondale. А вось цікавасць да гарадскіх веласіпедаў, наадварот, невысокая. Беларусы аддаюць перавагу непатрабавальным веласіпедам, якія можна выкарыстоўваць як у горадзе, так і за яго межамі", - растлумачыў Ігар Давыдзенка.

Развіццё інфраструктуры спрыяе росту колькасці веласіпедыстаў. Цяпер роварам ў Менску карыстаецца больш за 400 тысяч чалавек, гэта значыць кожны пяты гараджанін. Штогод іх колькасць павялічваецца на 40 тысяч жыхароў. Прычым Менск у лідарах у Беларусі паводле колькасці веласіпедыстаў на 1 тысячу жыхароў (20% супраць 16% ва ўсёй краіне). Праўда, актыўных веласіпедыстаў - тых, хто рэгулярна карыстаецца двухколавым транспартам, - у сталіцы пакуль крыху больш за 1%.

«Калі Менск ужо захлынула хваля масавай цікавасці да веларуху, то да абласных і раённых цэнтраў такая тэндэнцыя яшчэ не дабралася. З усяго відаць, гэта адбудзецца ў бліжэйшыя гады і будзе наўпрост залежаць ад мясцовых ініцыятываў», - падкрэсліў прадстаўнік сеткі «Велазона».

Перш за ўсё, трэба будзе развіваць культуру паводзін на дарогах. «Пешаходы часам крытыкуюць веласіпедыстаў за хуткую язду па ходніках, аўтамабілісты - за стварэнне аварыйных сітуацый на пераходах. Але ж трэба разумець, што раварыст - такі ж ўдзельнік дарожнага руху, як і ўсе астатнія, з усімі адсюль правамі і абавязкамі», - дадаў намеснік дырэктара.

Экспэрт назваў некалькі паказчыкаў, паводле якіх можна ранжыраваць прыязныя для веласіпедыстаў гарады. Сярод іх - працягласць веладарог, колькасць велапарковак, пунктаў пракату, маршрутаў, стаўленне да веласіпедыстаў і г.д. «Практычна ва ўсіх паказчыках Менск атрымаў поспех за апошнія гады. У выніку не толькі стала больш веласіпедыстаў, але і вырасла сярэдняя дыстанцыя паездкі. Усё больш людзей выкарыстоўваюць ровар, каб дабрацца на працу ці правесці выходныя з сям'ёй. У гэтым плане мы набліжаемся да вядучых гарадоў Еўропы», - перакананы Ігар Давыдзенка.

Улетку на асобных адрэзках менскай веладарожкі у гадзіну праязджае больш за 200 веласіпедыстаў. «Гэта даволі высокі паказчык, які паказвае на папулярнасць такога спосабу руху. І ўсё ж пакуль пераважная большасць менчукоў калі і выкарыстоўваюць ровар, то радзей за адзін раз на тыдзень. На тое, каб ровар пачалі масава ўспрымаць як зручны сродак для штодзённых паездак, можа сысці значна больш часу, чым патрабуецца на ўладкаванне веладарог», - адзначыў намеснік дырэктара сеткі «Велозона».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках