29 красавiка 2024, панядзелак, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасажыры рэйса MH17: трагічныя сцэнары жыцця звычайных людзей

30

Драматычныя падрабязнасці лёсаў некаторых з загінулых у катастрофе ў Данбасе.

Учора днём адбыўся адзін дакладны факт: з вышыні больш за 10 тысяч метраў на ўкраінскую зямлю ўпалі абломкі вялізнага пасажырскага лайнера, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Паводле актуальнай інфармацыі Malaysia Airlines, у самалёце знаходзіліся 298 чалавек. Сёння высвятляюцца драматычныя падрабязнасці лёсаў некаторых з загінулых, піша onliner.by.

Неверагодны ўдар лёсу перажывае сям'я сцюарда Санжыда Сінха, піша The Malaysian Insider. Усяго 131 дзень таму яго жонка, таксама сцюардэса, у апошні момант памянялася з калегам на рэйс MH370 з Куала-Лумпура ў Пекін. Той самы, які назаўжды знік з радараў.

Учора Санжыд Сінх таксама памяняўся зменай з калегам, калі апынуўся на борце рэйса MH17.

108 навукоўцаў і экспэртаў на борце ляцелі ў аўстралійскі Мэльбурн на міжнародную канферэнцыю ў пытаннях і праблемах лячэння СНІДу. У катастрофе самалёта Боінг-777 загінуў 60-гадовы прафесар Джозэф Ланж, піянер у галіне даследаванняў СНІДу і экс-прэзідэнт Міжнароднага таварыства барацьбы са СНІДам (IAS), паведамляе The Huffington Рost.

Паведамляецца, што на борце таксама была жонка Ланжа Жаклін і пяць дачок. Ланж прысвяціў сваё жыццё даследаванню ВІЧ, пачаўшы пошукі лекаў у 1983 годзе. Ён вёў галоўныя даследаванні антывіруснай тэрапіі, а таксама шукаў спосабы прадухілення перадачы віруса ад маці дзіцяці.

«Радасцю супрацоўніцтва з Джозэфам было тое, што ён заўсёды меў свежы погляд на праблему, і ён ніколі не прызнаваў, што нешта немагчыма», - сказаў прафесар Дэвід Купер, калега Ланжа.

Прафесар Ланж быў аўтарам 350 артыкулаў у навуковых часопісах. Апошнім часам Ланж кіраваў дэпартаментам глабальнай аховы здароўя ў акадэмічным медыцынскім цэнтры Універсітэта Амстэрдама, а таксама быў выканаўчым дырэктарам па навуцы ў Амстэрдамскім інстытуце глабальнай аховы здароўя і развіцця.

Таксама на борце знаходзіўся прэс-сакратар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Глен Томас.

Галандзец Кор Пан сфатаграфаваў рэйс MH17 з залы чакання з прароцкім каментарыем на фота: «Калі самалёт знікне, то вось як ён выглядае...». Жарт тычыўся знікнення рэйса MH370 8 сакавіка, так яго і ўспрынялі сябры ў Facebook. Пакуль не пачулі шакавальную навіну. Мяркуючы па ўсім, Кор быў на борце разам з сяброўкай Нільтэ Тол, піша Daily Mail.

«Пакойцеся з мірам, Кор і Ніл. Спачуванні сям'і і сябрам»

Сям'я з Аўстраліі падзялілася на дзве часткі. Бацькі засталіся ў Амстэрдаме на пару дзён, а трое дзяцей (12-гадовы Мо Маслін, 8-гадовы Оціс Маслін і 10-гадовая Эві Маслін) разам з дзядулем селі на борт самалёта: дзецям трэба было рыхтавацца да школы.

Пілот рэйса MH17 Юджын Чу Джыга Леон у кампаніі The Malaysian Airlines уважаўся за аднаго з самых надзейных лётчыкаў.

Аўстралійская сям'я страціла двух чалавек у вясновай катастрофе Malaysia Airlines і яшчэ двух - учора, паведамляе Франс Прэс. На борце самалёта, які ляцеў у Кітай 8 сакавіка, знаходзіліся Ірэн і Джордж Бароўз.

Учора пасля месячнага адпачынку ў Еўропе ў Мэльбурн вярталіся Мары і Альберт Рызк.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках