5 траўня 2024, Нядзеля, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

У Беларусі нарэшце стала па-сапраўднаму цёпла і нават горача.

Але такое надвор'е не ўсе пераносяць з камфортам. Для многіх спякота становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Медыкі яшчэ раз нагадваюць простыя правілы, прытрымліванне якіх дапаможа пазбегнуць непрыемнасцяў, піша БелаПАН.

Паводле прагнозу Белгідраметцэнтра, у бліжэйшыя суткі, 19 ліпеня, умовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі будзе вызначаць цёплая вільготная паветраная маса.

Чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу пераважна без ападкаў. Удзень месцамі, у асноўным па ўсходзе краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў умераны, удзень пры навальніцах парывісты.

Тэмпература паветра ўначы будзе +12..+18°С, удзень максімум тэмператур складзе +24..+30°С. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.

У наступныя двое сутак, 20-21 ліпеня, чакаецца няўстойлівае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі моцныя дажджы, прагрымяць навальніцы, днём магчымы град.

Тэмпература паветра ўначы складзе +12..+18°С, удзень тэмпературны фон будзе вагацца ад +21°С па паўночным усходзе да +30°С па паўднёвым захадзе краіны.

Спякота разам з вялікай вільготнасцю, якая характэрная для Беларусі, з'яўляюцца выпрабаваннем для арганізма. Найбольшая рызыка атрымаць сонечны або цеплавы ўдар, абязводжванне - у маленькіх дзяцей, людзей з хранічнымі захворваннямі і людзей сталага ўзросту. Чым мацнейшы і здаравейшы арганізм, тым ён лягчэй прыстасоўваецца да зменаў тэмператур.

Неабходна адзначыць, што за апошнія гады гараджане правільна рэагуюць на небяспекі гарачага надвор'я і навучыліся ім супрацьстаяць.

Колькасць зваротаў у медыцынскія ўстановы з нагоды сонечных або цеплавых удараў стала меншай, паведаміў намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Менска Павел Удот. З пачатку траўня з такімі сімптомамі да медыкаў звярнулася ўсяго 14 чалавек.

Памяншаецца і колькасць выпадкаў сонечных апёкаў. З гэтай нагоды за названы перыяд да медыкаў хуткай звярнуліся 6 чалавек (7 - у 2013 і 11 - у 2012 годзе). Праўда, пераважная большасць пераляжаўшых на сонейку аддаюць перавагу лячыцца ў хатніх умовах.

Разам з тым, не лішнім будзе яшчэ раз нагадаць простыя правілы, якія дапамогуць перанесці спякоту з найменшымі стратамі для арганізма.

- Неабходна піць дастатковую колькасць вады - здаровым людзям 2,5-3 літры ў дзень, якая не павінна быць халоднай і газаванай. У адваротным выпадку ёсць рызыка справакаваць захворванні горла. У спякоту таксама варта адмовіцца ад ужывання алкаголю і кавы.

- Адзенне трэба выбіраць з лёгкіх натуральных тканін - бавоўны, лёну, шоўку, светлых тонаў і з не прылягаючым сілуэтам, каб забяспечыць целу дастатковы паветраны і цеплаабмен. Варта адмовіцца ад нашэння тугіх паясоў і рамянёў. У спякоту таксама варта адмовіцца ад абутку на абцасах, што дапаможа пазбегнуць азызласці ног. Рэкамендуюцца шыракаполыя капелюшы або панамы.

- Пры выкарыстанні кандыцыянера для пазбягання рэзкага перападу тэмператур пры наступным выхадзе на вуліцу, тэмпературу ў памяшканні варта ўсталёўваць не нашмат ніжэйшую, чым звонку - аптымальная розніца складае пяць градусаў.

- Медыкі таксама раяць абмяжоўваць час знаходжання на паўдзённым сонцы. Ультрафіялетавае выпраменьванне сонца найбольш інтэнсіўнае з 10:00 да 16:00. Тым, хто знаходзіцца ў гэты час на вуліцы, рэкамендуецца выкарыстоўваць сонцаахоўныя сродкі, абавязкова надзяваць галаўны ўбор.

- У гарачае надвор'е трэба аддаць перавагу гародніне і садавіне, ад занадта тлустай і салёнай ежы пажадана адмовіцца. Акрамя таго, у спякоту ўзрастае рызыка ўзнікнення харчовых атручванняў.

- Каб абараніць сябе ад вострых кішачных інфекцый, ежу трэба падвяргаць дбайнай тэрмічнай апрацоўцы. Нельга пакідаць прыгатаваную ежу пры пакаёвай тэмпературы. Таксама не варта яе доўга захоўваць у лядоўні. Купляць варта толькі свежую і непашкоджаную садавіну і гародніну. Іх неабходна старанна прамываць пад вадаправоднай праточнай вадой. Калі яны прызначаны для ўжывання ў ежу дзецям - дадаткова прамыць кіпячонай або бутыляванай вадой. Пры першых прыкметах харчовага атручвання варта неадкладна звярнуцца да лекара.

- Людзям, якія маюць праблемы са здароўем, у спякоту пажадана адмовіцца ад кіравання аўтамабілем.

- Ні ў якім разе нельга пакідаць у зачыненым аўто дзяцей - нават на хвіліну! У салоне ствараецца вельмі высокая тэмпература, якая можа прывесці да ўзнікнення цеплавога ўдару, а ў крайнім выпадку - і да гібелі дзіцяці, калі вы раптам затрымаецеся больш, чым разлічвалі. Тое ж датычыцца і хатніх жывёл, калі вы бераце іх з сабой у паездку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках