5 траўня 2024, Нядзеля, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка: Тэрарысты паўстануць перад міжнародным судом

33
Парашэнка: Тэрарысты паўстануць перад міжнародным судом

Прэзідэнт Украіны правёў сустрэчу з кіраўніком МЗС Нідэрландаў Францам Тымермансам.

Кіраўнік дзяржавы перадаў глыбокія спачуванні нідэрландскім народу ў сувязі з трагедыяй самалёта MH-17. «Украінскі народ і я асабіста ўспрынялі гібель Вашых суайчыннікаў вельмі блізка да сэрца», - адзначыў Пётр Парашэнка. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.

Прэзідэнт адзначыў, што тысячы ўкраінцаў цяпер нясуць кветкі да галандскай амбасады ў Кіеве і дэманструюць сваё спачуванне грамадзянам Нідэрландаў.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што паводле яго даручэння ўрад робіць усё магчымае для таго, каб расследаванне абставінаў тэрарыстычнага акту вялося пад міжнароднай эгідай ІКАО.

Пётр Парашэнка паведаміў, што запрасіў прадстаўнікоў Нідэрландаў разам з прадстаўнікамі іншых краін, чые грамадзяне таксама загінулі, узяць удзел у складзе працы камісіі.

Прэзідэнт адзначыў, што прадстаўнікі АБСЕ ўжо знаходзяцца на месцы. Учора, нягледзячы на дасягнутую дамоўленасць, прадстаўнікоў АБСЕ абстралялі. «Паводле наяўнай інфармацыі, сёння еўрапейскія экспэрты вярнуліся, але ім зноў перашкаджаюць у працы, не даюць магчымасці збіраць доказы, груба абыходзяцца з целамі загінуўшых. Мы мяркуем, што гэтая сітуацыя з'яўляецца недапушчальнай. Мы не дапусцім перашкоды ў працы камісіі і таго, каб прадстаўнікі іншых краін не мелі магчымасці правесці аб'ектыўнае даследаванне», - заявіў Пётр Парашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што рыхтуюцца міжнародныя юрыдычныя пазовы, каб так званыя «ЛНР» і «ДНР» былі прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі ў свеце. «Я ўпэўнены ў тым, што суд над тэрарыстамі павінен адбыцца абавязкова», - заявіў Пётр Парашэнка.

У сваю чаргу, Міністр замежных спраў Нідэрландаў Франц Тымерманс падзяліўся сваімі адчуваннямі. Калі ўчора ўвечары ён прыбыў у Кіеў, то убачыў каля будынку амбасады сваёй краіны шмат кветак і людзей. Ён спытаўся ў іх па-расейску, што яны робяць тут, пачуў у адказ: «Выказваем сваю салідарнасць».

«Мой першы прыярытэт - вярнуць нашых людзей дадому. Сем'і хочуць пахаваць сваіх родных», - сказаў Франц Тымерманс. «Мы шакаваныя навінамі пра тое, што цела могуць перамяшчаць з месца на месца», - адзначыў міністр, дадаўшы, што людзі «раз'юшаныя ад таго, што яны чуюць». «Калі ласка, дапамажыце нам вярнуць нашых людзей дадому, каб годна іх пахаваць», - звярнуўся да прэзідэнта міністр Тымерманс.

«Як толькі мы атрымаем доказы, мы не спынімся, пакуль вінаватыя ў гэтым не паўстануць перад судом», - заявіў Франс Тымерманс, дадаўшы, што гаворка ідзе «не толькі пра тых, хто націснуў на курок, але і пра тых, хто зрабіў гэта магчымым». «Я мяркую, што міжнародная супольнасць павінна аб'яднацца для гэтага», - сказаў міністр.

Франс Тымерманс таксама адзначыў, што бачыў, як больш за 20 гадоў украінцы адстойвалі сваю незалежнасць. «Я бачыў вашы выбары, спадар прэзідэнт. Я бачыў таксама надзею вашых людзей. Мы, міжнародная супольнасць, павінны зрабіць усё, каб дапамагчы вам рэалізаваць надзею вашага народа», - падкрэсліў ён.

Міністр выказаў меркаванне, што гэтая трагедыя адкрыла вочы Еўропе на тое, што адбываецца ва Украіне. Нідэрланды цяпер будуць актыўна спрыяць больш рашучым дзеянням з боку Еўрапейскага Звязу, заявіў Франс Тымерманс.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках