4 траўня 2024, Субота, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збігнеў Бжэзінскі: Пуцін павінен выдаць тэрарыстаў міжнароднаму трыбуналу

24
Збігнеў Бжэзінскі: Пуцін павінен выдаць тэрарыстаў міжнароднаму трыбуналу

Пазіцыя Захаду ў дачыненні да саслабленай Расеі стане больш кансалідаванай.

Такое меркаванне выказаў у нядзелю ў інтэрв'ю тэлеканалу CNN экс-дарадца прэзідэнта ЗША Джымі Картэра, адзін з самых уплывовых у геастратэгіі палітолагаў Збігнеў Бжэзінскі, піша "Укрінформ".

"Асобы, адказныя за напад на самалёт, павінны паўстаць перад Міжнародным крымінальным судом, а іх заступнік павінен заплаціць за ахвяр", - адзначыў Бжэзінскі у інтэрв'ю CNN.

Экспэрт патлумачыў, што, перш за ўсё, меў на ўвазе Пуціна. "Ён усё яшчэ можа сказаць, што сітуацыя з самалётам, падбітым ягонымі галаварэзамі са зброяй, якую ён жа і ўручыў, выходзіць далёка за межы таго, што ён планаваў зрабіць, і што гэта было незаконнае злачыннае дзеянне; а людзі, адказныя за гэта, будуць перададзеныя міжнароднаму трыбуналу", - заўважыў палітолаг.

З перакананняў экспэрта, Пуцін можа таксама прыпыніць вайсковую інтэрвенцыю ва Украіну: "Пуцін можа пайсці на такія крокі, але калі ён гэта не зробіць, то па сутнасці кідае выклік згуртаванасці міжнароднай супольнасці".

Бжэзінскі адзначыў, што свет павінен усведамляць: гэта сапраўды гістарычна вызначальны момант. "Я думаю, яго [Пуціна] ўсё яшчэ можна прымусіць спыніцца, калі мы будзем выступаць адзіным фронтам. Гэта азначае праява лідэрства з боку кіраўніцтва Злучаных Штатаў, а таксама паслядоўныя, працяглыя дзеянні еўрапейскіх лідэраў разам з намі. Гэта сур'ёзны выклік, але ён у той жа час і вызначальны", - падкрэсліў палітолаг.

Адказваючы на пытанне што да залежнасці Еўропы ад расейскага газу і капіталаў, экс-дарадца прэзідэнта ЗША адзначыў, што кожны з еўрапейскіх лідэраў пачаў разумець сваю ролю. "Канцлерцы Меркель давядзецца сутыкацца з тым, што яе папярэднік, таксама канцлер, быў адным з творцаў залежнасці Еўропы ад паставак расейскіх энерганосьбітаў. Ці хоча Еўропа ператварыцца ў сатэліта?" - заўважыў экспэрт.

Прэзідэнт Аланд, паводле ягоных слоў, "павінен прызнаць той факт, што не можа быць пастаўніком сучаснай зброі для Расеі". Прэм'ер-міністр Кэмэран "павінен усвядоміць, што Лондан ператварыўся ў Лас-Вегас для карыслівых расейскіх фінансавых аперацый".

Бжэзінскі адзначыў, што гэтыя лідэры адказныя, перш за ўсё, перад грамадскай думкай і ўсё больш усведамляюць, што сённяшні момант "мае сапраўды вызначальнае значэнне для будучай сусветнай сістэмы".

Каментуючы сітуацыю ў самой Расеі, экспэрт адзначыў: "Я падазраю, што многія людзі ў Расеі, нават у блізкіх колах Пуціна, занепакоеныя, што статус Расеі ў свеце значна падрываецца, што краіна пачынае падыходзіць да эканамічнай бездані, што ёй пагражае перспектыва стаць сатэлітам Кітая, і што яна сама сябе ізалюе".

Падсумоўваючы, выбітны амерыканскі геастратэг адзначыў: "Я думаю, усё ж ёсць шанец на змяненне Пуціным курсу".

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках