4 траўня 2024, Субота, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія нудысты: АМАП зладзіў на нас сапраўднае паляванне

70
Менскія нудысты: АМАП зладзіў на нас сапраўднае паляванне

Сталічныя нудысты адзяваюць плаўкі на каманду «Увага! Мянты!».

Праз дрэвы, на беразе Менскага мора бачыш сілуэты людзей і першае, што шукае погляд - традыцыйная палоска станіка і плавак, што нібы перакрэслівае фігуру. Калі разумееш, што ніякіх палосак няма, першая думка - апусціць вочы. Чалавек жа голы, можа быць, ён пераапранаецца і не ведае, што яго відаць.

Але напраўду высвятляецца, што практычна ўсе насельнікі невялікага пляжу выдатна абыходзяцца без плавак і купальнікаў і ані гэтым не саромеюцца.

- Без купальніка загараць і купацца прыемней. Па-першае, калі выходзіш з вады, не кладзешся у мокрых плаўках на ручнік, ды і само адчуванне мокрага адзення непрыемнае. А па-другое, загараеш цалкам і адчуваеш сябе вольна, разняволеная, - дзеляцца ўражаннямі насельнікі, якіх «Салiдарнасць» упершыню наведвала сем гадоў таму, вынікам чаго стаў рэпартаж «Тут усе голыя і без рэгістрацыі».

Як тады, так і цяпер з першага погляду становіцца зразумела, што гендарны баланс на пляжы не выкананы. Прадстаўніц прыгожага полу ўсяго чатыры, а мужчын раз у пяць-шэсць больш.

- Дык гэта нармальная тэндэнцыя - сусветная, можна сказаць. Каэфіцыент жанчын да мужчын на нудысцкіх пляжах ва ўсім свеце - адзін да трох і ніжэй, - падае статыстыку адзін з адпачывальнікаў.

Зрэшты, сярод распранутых насельнікаў пляжу ёсць і традыцыйныя аматары сонца і вады, адзетыя ў плаўкі і купальнікі, а ў двухстах метрах, за дрэвамі, і зусім знаходзіцца традыцыйны пляж, пад завязку забіты адпачывальнікамі.

- Мяне ў мінулым годзе за тое, што голым загараў, АМАП на 15 дзён забраў, - распавядае Сяргей, адзін з прыхільнікаў роўнага загару. - Тады на нас сапраўднае паляванне наладзілі, і мяне забралі за парушэнне грамадскага парадку.

- Тут узровень культуры вельмі высокі, - прадаўжае адзін з заўсёднікаў, які пажадаў застацца неназваным. - Практычна няма алкаголю, і акрамя нас пляж амаль ніхто не прыбірае. Вось, перад Купаллем рабілі генеральную ўборку.

Сапраўды, у кутах пляжу стаяць набітыя смеццевыя мяшкі.

Мой праважаты Анатоль распавядае, што прыхільнікам купання без плавак стаў выпадкова.

- Прыехаў на Менскае мора і плаўкі забыўся. Прайшоўся па беразе, пытаючыся, ці няма запасных. А мне адказалі, што тут усе і так без плавак купаюцца, так што саромецца не варта.

Са слоў «старажылаў» пляжу, у былыя часы, калі дзяўчат было не ў прыклад больш, самай стандартнай рэакцыяй кожнага неафіта была традыцыйная мужчынская рэакцыя на аголенае жаночае цела.

- Кожны саромеўся, а потым з разбегу ў ваду, - распавядаюць аксакалы сталічнага натурызму.

Сягоння самай актуальнай фразай у павольным пляжным адпачынку застаецца: «Увага! Мянты!». Менавіта таму ўсе аматары загару без палосак носяць у жмені плаўкі. Калі да пляжу пад'язджае міліцэйскі аўтобус, тут не да аголенасці, - бо выпадкі, калі любоў да раўнамернаму загару сканчалася арыштамі ў міліцыі Ждановіцкага РАУС, не адзінкавыя. Са слоў мясцовых, апошнія два гады праваахоўнікі, не заўважаючы п'яных і дэбашыраў на звычайных пляжах, разгарнулі на нудыстаў сапраўднае паляванне.

- Кажуць, у іх там, у Ждановічах, начальнік міліцыі - жанчына. Вось яна і супраць такога адкрытага кантакту з прыродай, - жартуюць яны.

Жарты жартамі, але бяскрыўдных аматараў свабоды ад адзення ўжо не раз падцікоўвалі штрафы за парушэнне грамадскага парадку і арышты.

- Часам прыйдуць новыя людзі, сядуць побач і абураюцца, а чаго гэта тут усе голыя. Выклікаюць міліцыю. Хоць, калі разабрацца, чым мы ім перашкаджаем?

Зноў гучыць трывожная каманда, і наведвальнікі пляжу спешна загортваюцца ў парэо, апранаюць плаўкі... Пасля таго, як міліцэйскі аўтобус ад'язджае, элементы адзення зноў едуць ўніз, а іх уладальнікі імкнуцца атрымаць свой максімум ад адпачынку і сонца.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках