1 траўня 2024, Серада, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін не спыніцца - ён будзе ісці да свайго «бункеру»

47

А як да яго ішлі і Хусэйн, і Кадафі, і Мілошавіч.

Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» былы віцэ-прэм'ер Расеі Альфрэд Кох.

«У Бандарчука-старэйшага ў «Яны змагаліся за Радзіму» ёсць вельмі ёмісты вобраз: падбіты нямецкі танк ўсё роўна працягвае рух наперад, слепа даязджае да ўскрайку яра, падае, перакульваецца, і ўжо лежачы дагары, усё адно далей упарта круціць вусенямі...

Гітлер разумеў, што Нямеччына эканамічна слабейшая за кожнага з трох асноўных удзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі: ЗША, Вялікабрытаніі і СССР. Але ў яго было перакананне ва ўласнай выключнасці. Ён глыбока верыў у тое, што ягоная жалезная воля, ягоная адсутнасць страху і ягоны унікальны лёс і неверагоднае шанцаванне - усё гэта нездарма. Што гэта ўсё знакі Наканавання. Што яго вядзе ягоная зорка, што ў яго ёсць місія...», - піша ён.

Альфрэд Кох нагадвае пра тое, што ў гэта верыў не толькі сам Гітлер, але і большасць немцаў.

«Але калі б толькі ён адзін у гэта верыў, гэта было б паўбяды. Але з часам, у гэты пачалі верыць практычна ўсе немцы. І трэба прызнаць - доўгі час жыццё давала бясконцую колькасць пацверджанняў таму, што людзі маюць справу з Мэсіям, Прарокам і г.д. І нават скептычна настроеныя англасаксы яму шчыра сімпатызавалі, і пасля Алімпіяды 1936 года і пазней, пасля аншлуса Аўстрыі і мюнхенскай дамовы, часопіс «Тайм» прызнаў яго чалавекам 1938 года і ў першым нумары 1939 года (!) напісаў: «Чалавек 1938 года можа зрабіць 1939 год векапомным...»

 

Такім чынам: якая прырода гэтай рызыкоўнай гульні, на якую важыцца такога кшталту лідэр? Яна хаваецца ў ягоным глыбокім перакананні ў тым, што ягоныя візаві - нягеглыя, кволыя, недалужныя нікчэмнасці. Прадажныя і пыхлівыя прыдуркі, баязлівыя распуснікі. Людзі без сапраўдных перакананняў і прынцыпаў. І зноў жа, на першым часе жыццё практычна публічна кажа яму: «Так яно і ёсць», - адзначае ён.

Былы віцэ-прэм'ер Расеі тлумачыць прычыну таго, чаму недарэчы разлічваць на кампрамісы з дыктатарамі.

«Кожны раз, калі ён выяўляе цвёрдасць і характар ​​- кожны раз гэтыя недалугі яму саступаюць. Як толькі ён пачынае з імі шукаць кампраміс - ён заўсёды застаецца ў дурнях. Такім чынам, выснова: ніякіх кампрамісаў, толькі наперад. Гэтыя распешчаныя, слабыя і далікатныя «общечеловеки» павінны цвёрда засвоіць, што з імі ніхто не мерыцца размаўляць на іхнай птушынай мове пра правы чалавека і гуманітарныя вартасці. Пра дэмакратыю і свабоду самавыяўлення. Гэта ўсё няхай яны пакінуць пры сабе.

Гэтыя крывадушнікі павінны цвёрда засвоіць, што ўся гэтая электаральная балбатня - гэта не ягоны ўзровень. Ён занадта сябе паважае, каб прыніжацца да сур'ёзнага абмеркавання гэтай бязглуздзіцы. Ён цвёрда ведае простую праўду: каго нельга купіць, таго можна напалохаць, а каго нельга напалохаць - таго можна забіць. І ўсё. І больш - нічога», - піша Альфрэд Кох.

Таму, мяркуе ён, нельга разлічваць на тое, што Крэмль спыніць сваю агрэсію ва Украіне.

«Да чаго я гэта ўсё? А да таго, што недарэчы разлічваць на тое, што Пуцін спыніцца. Што ён зразумее, што зайшоў занадта далёка. Што яму пара адступіць. Зразумейце: гэта немагчыма. Немагчыма з адной простай прычыны: гэта разбурыць ягоны вобраз, які склаўся ў мільёнаў людзей і перш за ўсё - у ягонага атачэння.

Як толькі ён пойдзе назад, адразу ж узнікнуць нараканні, якія будуць толькі нарастаць: «А! Збаяўся! Адступіў. Гэта значыць, ён не такі ўжо і смелы? Не такі ўжо адважны? Не такі ўжо усёмагутны? І ягоныя апаненты - не такія ўжо нікчэмнасці, як мы іх да гэтага часу ўяўлялі! Яны могуць яго прымусіць адступаць, страчваць аблічча, публічна здраджваць тым, хто яму паверыў. Гэта што ж усё значыць? Значыць, што Акела састарэў? Што ён ужо не такі як раней? Што Акела спудлаваў?»

Тут у ФБ было шмат артыкулаў пра сацыялогію прымітыўных груп. Дык вось я магу сказаць, што на маё разуменне, у прымітыўнай групе (а крамлёўская хеўра – безумоўна, вельмі прымітыўная група, калі яна згаджаецца на вяршэнства чалавека з кругаглядам і мэнтальнасцю пэтэвэшніка) Акела пудлуе толькі адзін раз.

Не, не, яго не зрынуць адразу. Яго (пасля пудла) проста пакінуць уважаць за правадыра. Яму ў спіну будуць пырхаць у кулак. Яму цішком прыдумаюць крыўдную мянушку. Ягоныя загады будуць выклікаць скепсіс і млявы супраціў: "Ізноў гэты боўдзіла чмуціць, а нам - выконвай» і г.д. І з'яўленне маладога і энэргічнага зменшчыка, які вымусіць Акелу сысці - гэта пытанне часу», - піша ён.

Тым не менш, нават гэта не прымусіць Пуціна спыніцца.

«Яшчэ пэўны час машына будзе і далей круціць коламі, марнаваць рэсурсы, кідаць у агонь ягонага ненажэрнага эга чалавечыя жыцці. Будзе квітнець услаўленне і «культ асобы», але гэта ўжо будзе дробная, унутрырасейскага маштабу валтузня. Накшталт паўночнакарэйскага культу Кімаў. У «сусветным маштабе» наш напалеончык здзмуецца і страціць ўсялякі шанец выглядаць «дарослым хлопчыкам» і «сур'ёзным гульцом», нават хоць бы такога ўзроўню, як гэты недарэка Аланд.

Пуцін, мне здаецца, не тое што гэта ўсё разумее, а ўсёй сваёй скурай адчувае, што ў яго няма шанцу на кампраміс. Як дзікі звер, ён інтуіцыйна адчувае гэта нецярплівае дыханне ў патыліцу. Таму ён не адступіць. Ён будзе ісці наперад. Як той нямецкі танк, нават калі яго перакуліць дагары нагамі - ён будзе ўсё адно заўзята круціць вусенямі...

Ён будзе ісці да свайго бункеру, да свайго 30 красавіка. Як да яго ішлі і Хусэйн, і Кадафі, і нават (у нейкім сэнсе) - Мілошавіч. Яны зусім не былі дурнямі. Яны былі сур'ёзныя, валявыя людзі. Проста гэта такі шлях. Кожны вольны выбіраць сабе сваю дарогу. Яны выбралі такую​​. Гэта іхняе права», - адзначае Альфрэд Кох.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках