1 траўня 2024, Серада, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гарадзенскім заапарку здзекуюцца з жывёлін

5
У Гарадзенскім заапарку здзекуюцца з жывёлін

Гарадзенскія актывісты просяць абараніць жывёлін у гарадскім заапарку.

Актывісты гарадзенскага грамадскага аб'яднання абароны жывёл «Адданыя сэрцы» напісалі адкрыты ліст кіраўніку аблвыканкама Уладзіміру Краўцову, у якім просяць яго «прыняць тэрміновыя меры» для паляпшэння ўмоў утрымання жывёл у гарадзенскім заапарку, пішуць «Беларускія навіны».

Абаронцы жывёл адзначаюць, што ў 30-градусную спякоту парнакапытныя вымушаныя знаходзіцца на сонцы, паколькі «не маюць у вальерах ніякай магчымасці схавацца». «Звярніце ўвагу, у сваім натуральным асяроддзі жывёлы маюць магчымасць схавацца ў цені дрэў, - гаворыцца ў лісце. - У гарадзенскім заапарку яны пазбаўленыя гэтага. Няма падстрэшкаў, няма тэнтаў».

«Больш за тое, на нашую просьбу хаця б проста адкрыць дзверы ва ўнутраную частку вальера, дзе жывёла магла б адпачыць ад спякоты, нам адказалі, што заапарку больш важна пазбегнуць скаргі ад наведвальніка, які не зможа ўбачыць жывёліну, чым пакуты самой жывёліны. Хоць і прызналі, што гэта негуманна», - падкрэслілі абаронцы жывёл.

Паведамляецца, што ў арганізацыю паступіла некалькі дзесяткаў званкоў ад наведвальнікаў заапарка, якія паскардзіліся на ўмовы ўтрымання жывёл. «Адная жанчына распавяла, што яе сямігадовая дачка расплакалася са словамі: «Матуля, яму ж так горача! Чаму яму не адкрыюць дзверы ў домік», гледзячы на няшчасную жывёліну, якая цяжка дыхала на распаленым пяску», - адзначаецца ў лісце.

Актывісты арганізацыі просяць Краўцова асабіста «заклікаць кіраўніцтва заапарка адчыняць дзверы ва ўнутраную частку вальераў для парнакапытных на час лета». «Мы не просім ніякіх грошай. Проста дапамажыце жывёлам не зазнаваць пакуты. Мы павінны паказваць правільны прыклад нашым дзецям і грамадству», - адзначылі яны.

Нагадаем, што ў выніку моцных дажджоў, якія прайшлі ў Беларусі 12 ліпеня, у Гарадзенскім заапарку ў падтопленых клетках загінулі 30 фазанаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках