1 траўня 2024, Серада, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Shuma прэзэнтавала бібліятэку беларускіх арнамэнтаў

3

Музычны праект Shuma разам з даследнікамі этнаграфіі склалі калекцыю традыцыйных сімвалаў Беларусі з падачай іх значэння.

Shuma-бібліятэка арнамэнтаў з'яўляецца асветніцкім поп-праектам. Руся з гурта Shuma распавядае, што падставай для яго з'яўлення стала тое, што людзі ўсё часцей і часцей прасілі яе даць тлумачэнне аўтэнтычнай беларускай сімволіцы, піша tuzin.fm.

«Але я не знаўца і не экспэртка, і сама звяртаюся па кансультацыю да дасведчаных навукоўцаў», - распавядае спявачка, якая разам са сваёй калегай з гурта Надзеяй Чугуновай аб'ядналася з групай даследчыкаў. На працягу двух гадоў яны працавалі над упарадкаваннем арнамэнтаў.

Куратарамі праекта сталі Ірына Мазюк, навукоўка, фалькларыстка, этнографка, кіраўніца і заснавальніца мужчынскага гурта народных песень «Кудмень», дырэктарка Веткаўскага музэя народнай творчасці Галіна Нячаева і Пётр Цалко, загадчык філіі Веткаўскага музэя стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава.

Пададзеная інфармацыя ў надзвычай спрошчаным выглядзе, такая была задума. Дзяўчаты з Shuma бачаць у гэтым карысць: «Вядома, заўсёды ёсць рызыка абыйсці ўвагай глыбокі навуковы кампанэнт, але большая частка людзей жадае спажываць сваю культуру такім чынам, каб гэта было сучасна, зручна, дасціпна і адэкватна. Як інфаграфіка, калі для цябе прачыталі 100 кніжак, зрабілі звышскарочаны якасны канспэкт і паказалі ўсе малюнкамі. Так людзі ашчаджаюць свой час і лёгка засвойваюць інфармацыю».

Самае цяжкае ў працы было менавіта тое, што масіўныя і складаныя сэнсавыя канструкцыі павінны былі ўкласціся ў мінімальныя формы. На першы погляд, вынік гэтай працы можа здацца простым, але за гэтай вонкавай прастэчай стаіць велізарная праца знаўцаў.

Дзяўчаты кажуць, што гэты праект быў цалкам дабрачынны. Фактычна - гэта падарунак, зроблены навукоўцамі, які яны перадаюць ўсім зацікаўленым. «Мы вельмі ўдзячныя нашым куратарам за давер і жаданне зрабіць такі грамадскі праект, бо напраўду мала хто з навукоўцаў гатовы да такіх экспэрымэнтаў. Я ўпэўненая, што шмат людзей знойдзе для сябе падставу скарыстацца нашай працай. Таму запрашаю наведаць старонку», - кажа Руся.

З дапамогай яе можна павялічыць свае веды аб аўтэнтычнай беларускай сімволіцы, надрукаваць улюбёныя арнамэнты, вышываць, рабіць тату і ўсё, што дазволіць фантазія.

Жыўцом бліжэйшым часам гурт Shuma можна пачуць 9 жніўня на Mirum festival каля Мірскага замка, 10-га жніўня на тэрасе менскага бара «Хуліган», 29-га жніўня ў Беластоку на фесце электроннай музыкі, а 9-га верасня на фольк-фэсце «Камяніца».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках