3 траўня 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вежу і вал Мсціслаўскага замка адновяць для музэя

4
Вежу і вал Мсціслаўскага замка адновяць для музэя

У Мсціславе будзе створаны ўнікальны музэйны комплекс.

Блізу 7 тысяч экспанатаў Х-ХVII стагоддзяў знайшлі археолагі ў часе раскопак на Замкавай гары ў горадзе. Каб зрабіць іх поўны вопіс, спецыялістам спатрэбіўся цэлы тыдзень, піша БелТА.

«Гэта адна з найбагацейшых і ўнікальных калекцый рарытэтаў, выяўленых апошнім часам у Беларусі, - адзначыў Ігар Марзалюк, навуковы кіраўнік раскопак, доктар гістарычных навук, прафэсар. - Яе ўнікальнасць у тым, што знойдзены цэлыя комплексы матэрыялаў розных эпох, якія дазваляюць аднавіць рэаліі жыцця ўсходніх славян Х-ХVII стагоддзяў ад рацыёну іхняга харчавання да ўзроўню адукацыі і ўзбраення. Напрыклад, аб пісьменнасці нашых продкаў сведчыць знойдзены берасцяны ліст XII стагоддзя (трэці ў Беларусі), на якім дзіця надрапала пасланне, а пра багацце жыхароў старажытнага Мсціслава сведчаць дарагія ўпрыгажэнні з Бізантыі, Сірыі, Каўказа».

У ліку рарытэтных экспанатаў шыферная прасніца з надпісам на кірыліцы, скураны пас дружынніка, бізантыйская чара для віна, распісаная золатам, крыж-энкальпіён і вялікая крышталёвая пацерка з Бізантыі.

Таксама знойдзена шмат элементаў зброі, адзення, рэчаў побыту. «Дзякуючы праведзеным раскопак мы таксама атрымалі новыя звесткі аб планіроўцы і забудове старажытнага Мсціслава. Выяўленыя ў добрым стане элементы бруку, забудоў з драўляных вянкоў, раскапаная дзялянка гаспадарчага двара, дзе знойдзеныя драўляная лесвіца ХII стагоддзя ў ідэальным стане і нават дровы гэтага стагоддзя», - сказаў прафэсар.

Работы археолагаў на Замкавай гары закончаныя, цяпер вядзецца музэефікацыя раскопу. Паглядзець на яго падчас рыцарскага фэсту 26-27 ліпеня зможа кожны ахвочы. Тут будзе паказаная экспазіцыя з самых каштоўных рарытэтаў, знойдзеных пры раскопках Замкавай гары, будуць працаваць кваліфікаваныя экскурсаводы.

Больш за тое, з мэтай стварэння музэя пад голым небам у пэрспэктыве плануецца раскапаць частку абарончага вала і аднавіць адну з драўляных веж старажытнага замка. «У выніку мы атрымаем унікальны для Беларусі музэйны комплекс, дзе будуць паказаныя жыццё і побыт старажытных славян», - дадаў Ігар Марзалюк.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках