3 траўня 2024, Пятніца, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскі горад зачынілі на каранцін праз чуму

2
Кітайскі горад зачынілі на каранцін праз чуму

Горад Юймэнь стаўся зачынены на каранцін разам з усімі 30 тысячамі жыхароў.

Гэта адбылося пасля таго, як адзін з гараджан памёр ад лёгачнай чумы. Усе выезды з места былі заблакаваныя яшчэ на мінулым тыдні. Каранцін будзе зняты, калі за дзевяць дзён новых захворванняў на чуму не будзе выяўлена.

Як піша Reuters, пад асобным наглядам медыкаў застаецца 151 чалавек, якія мелі наўпроставы кантакт з ахвярай чумы. Ніякіх прыкмет інфэкцыі пакуль не выяўлена. Вядома, што памерлы, 38-гадовы мужчына, заразіўся, калі разбіраў злоўленага сурка для свайго сабакі. У лякарню ён трапіў толькі праз два дні пасля з'яўлення ліхаманкі, калі было занадта позна, і 16 ліпеня памёр, піша NEWSru.com.

Гарадскія ўлады зарэзэрвавалі мільён юаняў (блізу 161 тысячы даляраў) на выпадак патрэбы лячэння інфікаваных. News.com.au паведамляе аб чатырох каранцінных сэктарах, на якія падзеленае места.

Buzzfeed са спасылкай на дзяржаўную тэлевізію КНР паведамляе, што горад мае дастатковыя запасы рысу, мукі ды алею і зможа абыходзіцца без паставак на працягу месяца.

Чума з'яўляецца бактэрыяльным захворваннем і перадаецца ад скочак, якія водзяцца ў дзікіх грызуноў, такіх як суркі. Чума цалкам паддаецца лячэнню, але толькі ў тым выпадку, калі дапамагаць пачынаюць неадкладна. Антыбіётыкі здольныя знізіць смяротнасць ад чумы з 60 да 15%.

Апошняя пандэмія чумы пачалася ў Кітаі ў 1860 годзе і дасягнула Ганконга пад 1894 год. Цягам наступных 20 гадоў хвароба распаўсюджвалася ў партовых местах ва ўсім свеце з дапамогай карабельных пацукоў. Колькасць ахвяр ацэньваецца ў 10 млн чалавек. У 14 стагоддзі менавіта з Кітая па Шаўковым шляху чума трапіла ў Еўропу, дзе знішчыла прыкладна палову насельніцтва кантынэнта, атрымаўшы назву "чорная смерць".

Асяродкі чумы дагэтуль існуюць у розных частках свету, напрыклад, на захадзе ЗША, дзе штогод фіксуецца ад 5 да 15 выпадкаў заражэння, у асобных рэгіёнах Афрыкі ды Азіі.

У Кітаі ў верасні 2012 года ў правінцыі Сычуань сканаў мужчына, які знайшоў здохлага сурка і з'еў яго. Яшчэ 12 выпадкаў і тры смерці былі зафіксаваныя ў правінцыі Цынхай ў 2009 годзе. У паведамленні з нагоды каранціну ў правінцыі Ганьсу Цэнтр захворванняў Пекіна паведамляе, што рызыка распаўсюджвання чумы з'яўляецца мінімальнай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках