3 траўня 2024, Пятніца, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навінка на чыгунцы: квіток можна паказаць на экране тэлефона

7

Тэрміналы скануюць штрых-код, як з тавару на касе ў супэрмаркеце.

У беларускіх цягніках з'явіліся прылады, якія павінны дапамагчы пасажырам трапляць у вагоны яшчэ хутчэй. Першыя разумныя прылады тэстуюць цяпер на адным цягніку, ён ездзіць з Віцебска ў Менск і назад. «Комсомольская правда в Беларусі» адправілася на вакзал паглядзець на новыя тэрміналы ў дзеянні.

- У нас у вагоне сёння едзе тры пасажыры, якія купілі квіткі ў інтэрнэце і скарысталіся электроннай рэгістрацыяй, - правадніца стаіць побач з цягніком і паказвае нам на маленькую прыладу.

На экране відаць звесткі ўсіх траіх: прозвішчы, нумары пашпартоў, месцы ў вагоне. Да вагона падыходзіць сям'я і працягвае стос пашпартоў. Правадніца знаходзіць прозвішчы ў спісе, параўноўвае.

- Жоўтую кнопку! - падказвае калега з суседняга вагона.

Прыладак спрацоўвае і паказвае, што пасажыраў можна запускаць. На ўсё патрэбна найболей дзесяць сэкундаў.

- У гэтых тэрміналах ёсць сканэр, ён можа счытваць і інфармацыю са штрых-кода на надрукаваным бланку або на мабільнай прыладзе. Счытвальнік штрых-кода працуе так жа, як у касавых апаратах у краме. Прыладзе патрэбныя часткі сэкунды, гэта хутчэй, чым знаходзіць пасажыраў у спісе, - распавядае Дзяніс Танканог, начальнік аддзела пасажырскай службы ўправы Беларускай чыгункі. У складаных варунках надвор'я працаваць з тэрміналам нашмат прасцей, чым з пачкам паперы. Тым больш, у тэрмінале ёсць інфармацыя аб пасажырах усіх вагонаў.

Пакуль правадніцы асвойтваюцца з новым для іх электронным спісам. Сканэр, на думку чыгуначнікаў, будзе найбольш запатрабаваны ў цягніках бізнэс-класа, дзе ў сядзячых вагонах збіраецца больш за 60 пасажыраў і правяраць квіткі трэба досыць хутка.

- Калі ў нас пачала набіраць папулярнасць паслуга электроннай рэгістрацыі, мы зразумелі, што з паперай далёка не пойдзем, гэта мінулае стагоддзе, - кажа Дзяніс. - Цяпер амаль ва ўсіх цягніках на пачатковай станцыі маршруту друкуюць спісы, перадаюць іх начальніку цягніка, а ён раздае іх праваднікам - збіраюцца тоны паперы. Тэрміналы дазваляюць атрымліваць звесткі наўпрост з базы сістэмы продажу, спрацоўваюць за сэкунды і дазваляюць далей развіваць сістэму электроннай рэгістрацыі.

У планах чыгуначнікаў бліжэйшым часам абсталяваць тэрміналамі па адным цягніку ў руху паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі, каб праверыць, наколькі яны надзейныя і зручныя. Потым тэрміналы пачнуць з'яўляцца і ў іншых цягніках.

Дарэчы, для квіткоў, набытых праз інтэрнэт без электроннай рэгістрацыі, на менскім вакзале ёсць асобная каса і аўтаматычны тэрмінал.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках