3 траўня 2024, Пятніца, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самы багаты чалавек планеты заклікае працаваць менш, але даўжэй

8
Самы багаты чалавек планеты заклікае працаваць менш, але даўжэй

Мэксіканскі мультымільярдэр Карлас Слім высунуў парадаксальную тэорыю.

Выступаючы на справовай канферэнцыі ў Парагваі, ён заявіў, што рабочыя, на ягоную думку, працуюць занадта... шмат.

Вядома, уладальніка амаль 80 млрд даляраў цяжка назваць мэксіканскім летуценнікам. Натуральна, у ягоным закліку ёсць і падводныя камяні. Працуючы менш, працоўныя павінны будуць працаваць даўжэй і сыходзіць на пэнсію пазней. У выніку колькасць часу, які праводзіцца на працы, практычна не зменіцца, пішуць "Новые известия".

Карлас Сліму 74 гады. Сваё велічэзнае багацце ён зрабіў у тэлекамунікацыйным бізнэсе. Яно набліжаецца да 100 млрд даляраў. У спісе самых багатых людзей свету, які штогод складаецца часопісам Forbes, у 2013 годзе сэньёр Слім займаў першае месца і толькі сёлета саступіў першы радок Білу Гейтсу. Праўда, у спісе 2015 года ён, цалкам верагодна, зноў будзе самым багатым чалавекам планеты. 15 ліпеня Forbes абвясціў, што Слім з 79,6 млрд даляраў зноў адціснуў Гейтса, у якога 79,1 млрд, на другую пазіцыю.

На міжнародным бізнэс-сімпозіюме ў Монтавідэа Карлас Слім парадаваў працоўны люд прапановай скараціць працоўны тыдзень да трох дзён. Аднак радавацца заўчасна. Мультымільярдэр з Мэксікі прапануе карэнным чынам змяніць жыццё і працу чалавецтва. На ягоную думку, працаваць варта тры дні на тыдзень, каб больш часу заставалася на адпачынак ды іншыя справы і захапленні.

Супраць такой прапановы, калі, вядома, пры гэтым захаваецца сённяшні заробак, не стане пярэчыць ні адзін рабочы. Але Слім, як і належыць прадбачліваму і дасведчанаму бізнэсоўцу, які, хоць яму і не чужая дабрачыннасць, найперш усё ж застаецца бізнэсоўцам, а не філантропам, вядома, не мае намеру банкрутаваць. Скарачаючы колькасць працоўных дзён у тыдні, ён хоча павялічыць працягласць працоўнага часу з 8 да 11 гадзін. Рабочыя пагадзіліся б і з гэтай прапановай мэксіканца, бо 33-гадзінны і 40-гадзінны працоўны тыдзень, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Але каб знівеляваць і гэтую розніцу, Карлас Слім хоча значна павялічыць і ўзрост выхаду на пэнсію.

«Людзі будуць працаваць больш гадоў, да 70 або 75 гадоў, але працаваць тры дні на тыдзень па 11 гадзін, - цытуе Сліма Financial Times. - З трыма працоўнымі днямі ў нас будзе больш часу для адпачынку і падвышэння ўзроўню ды якасці жыцця. Чатыры дні адпачынку - вельмі важная змена, якое дапаможа якасна палепшыць вольны час».

Карлас Слім прапануе радыкальныя змены зусім не для паляпшэння вобразу. Ён не толькі кажа, але і ўжо пачынае ажыццяўляць свой заклік у сябе ў кампаніі. Флагман справовай імпэрыі Сліма, тэлекамунікацыйны гігант Telmex, які ён узначальвае, надоечы пачаў падпісваць новыя кантракты, якія прадугледжваюць сыход на пенсію да 50 гадоў! Пры гэтым рабочых ніхто не выстаўляе на вуліцу. Яны маюць магчымасць працягнуць працу і пасля 50, але ўжо на іншых умовах: чатыры дні на тыдзень за тую ж, між іншым, плату, што і да выхаду на пэнсію.

Сваю тэорыю Слім прапагандуе і на ўласным прыкладзе. Яму 74 гады, а ён па-ранейшаму вельмі актыўна займаецца справамі і не ладзіцца на пэнсію.

Прапаноўваючы велічэзныя змены, Карлас Слім, як гэта ні дзіўна, не такі ўжо і арыгінальны. Кардынальна змяніць фармат працы заклікаюць і іншыя багатыры. Напрыклад, амаль адначасова з мэксіканскім бізнэсоўцам на гэтую ж тэму выказаўся і адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Google Лары Пэйдж. Ён мяркуе, што з рэгулярным павелічэннем аўтаматызацыі працы трэба чымсьці заняць дзясяткі, калі не сотні мільёнаў людзей, каб яны не пачуваліся непатрэбнымі і бескарыснымі. Далейшая аўтаматызацыя і рабатызацыя працы пагражаюць чалавецтву глабальным беспрацоўем, і з гэтым трэба нешта рабіць ужо цяпер.

«Думаю, тут хаваецца вялікая сацыяльная праблема, - заявіў Лары Пэйдж. - Вялікае мноства зямлян наўрад будзе радая, калі выявіцца, што ім няма чаго рабіць. Патрэбнае адчуванне запатрабаванасці, чалавек конча павінен нешта рабіць».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках