26 красавiка 2024, Пятніца, 3:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцы Курапатаў: Нельга сябраваць з дзяржавай-тэрарыстам

1

Актывісты мяркуюць, што калі цяпер не спыніць Пуціна, гэта можа прычыніцца да новых «Курапатаў».

Пра гэта яны паведамілі сайту charter97.org.

Амаль два дзесяткі валанцёраў прыбіралі народны мемарыял. Другі год гурток актывістаў прыходзіць у Курапаты сюды з вясны да восені раз у тыдзень, а то і часцей, каб чысціць ад зараснікаў і смецця месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскага генацыду.

Розныя людзі аб'яднаныя адной ідэяй - мемарыял трэба ратаваць ад вандалаў, улады і яе сяброў-прадпрымальнікаў. У знак павагі да сваіх продкаў і для памяці. Яны кажуць, што не жадаюць, каб такія злачынствы паўтарыліся ў Беларусі.

«Цяпер мы знаходзімся на парозе страшнай вайны. І калі цяпер не спыніць Пуціна, то ўвесь свет апынецца ў жаласлівым стане. Чаму я кажу гэта тут? Чалавек, які называе сябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, цяпер ідзе шляхам, які вядзе ў прорву. І калі ён будзе падтрымліваць і слухацца Расею - мы атрымаем яшчэ не адныя «Курапаты». Нельга быць сябрам дзяржавы-тэрарыста, - кажа грамадская дзеячка валанцёр Ганна Шапуцька.

«Знаходзячыся ў гэтым святым месцы беларускіх пакут, мы падтрымліваем нашых братоў украінцаў, якія вядуць барацьбу супраць сталінскіх імперскіх нашчадкаў, якія хочуць загнаць людзей у стойла. Хочуць знішчыць нацыянальную свядомасць, нацыянальную культуру, нацыянальную гісторыю. Перамогі вам браты! Мужнасці! Малю Бога, каб народ Украіны стаў адзіным ядром, якое не змогуць перамагчы тыя злыя сілы, якімі кіруе Пуцін - галоўны забойца ў свеце», - паведамляе актывіст руху «Разам», валанцёр Алесь Макаеў.

Даслоўна днямі было знойдзена масавае пахаванне ва ўкраінскім Славянску, вызваленым ад прарасейскіх сепаратыстаў і расейскіх тэрарыстаў, якія катавалі і забівалі закладнікаў з ліку мясцовых прадстаўнікоў улады і цывільнага насельніцтва. Акупанты збіваюць ва Украіне транспартныя і пасажырскія верталёты і самалёты.

Сёння на Беларусі свабодна прапагандуюцца і распаўсюджваюцца акупанцкія сцягі, сімволіка і лозунгі, з усіх тэлеканалаў трубіць ілжывая расейская прапаганда - менавіта з гэтага пачыналася акупацыя Украіны і гібрыдная вайна на яе поўдні і ўсходзе. Менавіта таму некаторыя валанцёры выказваліся ў падтрымку Украіны і за недапушчэнне супрацоўніцтва, а тым больш, зрастання, з краінай-акупантам і тэрарыстам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках