3 траўня 2024, Пятніца, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Чачэрскага раёна паведамляюць аб афрыканскай чуме свіней

3
Жыхары Чачэрскага раёна паведамляюць аб афрыканскай чуме свіней

Ветслужба адмаўляе новы асяродак захворвання.

Жыхарам вёскі Покаць Чачэрскага раёна паведамілі ў Залескім сельсавеце, да якога належыць населены пункт, што ў тых свіней, якія загінулі раней на іх падворках, выяўленая афрыканская чума, піша БелаПАН.

«Прычым ніякага дакумента нам не далі, не паказалі нават, але загадалі вырыць ў двары яму і закапаць інвентар - скрынку, вілы, рыдлёўкі, усё, што кантактавала са свіннямі, разабраць падлогу ў хляве. Мы пенсіянеры, як нам гэта ўсё зрабіць? Экскаватар нам дашлюць, але як мы разбяром хлеў самастойна? Чаму ўсё гэта трэба закопваць на нашым падворку, побач з калодзежам» - заявілі мясцовыя жыхары.

У Залескім сельсавеце патлумачылі, што, паводле правіл, закопваць інвентар і іншае трэба менавіта ў зоне асяродку - гэта значыць на падворку, і абяцалі дапамагчы пенсіянерам.

З неафіцыйнай інфармацыі, афрыканская чума свіней выяўлена ў трох сельсаветах Чачэрскага раёна. Разам з тым галоўны ветэрынар раёна Мікалай Акуліч сцвярджае, што АЧС у раёне няма. «Няма ў нас такіх дакументаў, няма такога дыягназу - афрыканская чума, у раёне, як і ў вобласці, проста праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы», - паведаміў галоўны ветэрынар.

Чачэрскі раён мяжуе з Расеяй, дзе ў сямі прамежных раёнах Бранскай вобласці ў ліпені былі выяўлены асяродкі АЧС.

У пачатку ліпеня знішчалі пагалоўе свіней жыхары некаторых вёсак Веткаўскага раёна праз небяспеку заражэння АЧС. Але мясцовыя ўлады кажуць, што ў Веткаўскім раёне не пацвярджаецца наяўнасць у свіней афрыканскай чумы. Паводле інфармацыі райвыканкама, у некаторых вёсках былі выпадкі здыхаты хатніх свіней, у раёне пачаліся прафілактычныя мерапрыемствы для папярэджання распаўсюджвання АЧС.

Між тым Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага кантролю РФ (Рассельгаснагляд) практычна кожны дзень паведамляе аб новых выбухах АЧС на тэрыторыі краіны, да прыкладу ў Смаленскай, Пскоўскай, Наўгародскай, Бранскай абласцях. Выяўлена свінагадоўчая прадукцыя, выпрацаваная на ААТ «Вялікалуцкі мясакамбінат», у якой выяўлены геном віруса АЧС.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках