6 траўня 2024, панядзелак, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Варанко: Перакладу свае расейскамоўныя песні на беларускую мову

3

Малады беларускі джаз-баяніст Віталь Варанко перамог на конкурсе «Засьпявай.BY».

Пераможцу музычнага конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай.BY» (арганізаваны Tuzin.fm і дабрачынным фондам «Вяртанне») Віталю Варанко 22 гады, ён вучыцца ў Беларускай акадэміі музыкі і стала шукае магчымасці прадэманстраваць свой талент на сцэнах розных краін. У бліжэйшую нядзелю малады музыка прэзентуе свой сінгл «Вяртайся» на вершы беларускага паэта Віталя Рыжкова. Песню адзначыў і абраў для далейшай працы саўнд-прадусар украінскага гурта «Акіян Эльзы» Улад Ярун.

Віталь Варанко распавёў рэдакцыі сайта charter97.org пра сваю любоў да беларускай мовы, пра планы заспяваць на кітайскай мове і пра мары атрымаць музычную прэмію Grammy.

- Я абраў баян, таму што мне спадабаўся гук самой прылады. У мяне старэйшая сястра таксама баяністка. Бясконца ўдзячны маім педагогам у музычнай школе і ў вучэльні. Цяпер вучуся ў кансерваторыі ў Аляксандра Шувалава, які ўважаецца за найлепшага джазавага баяніста ў Беларусі, - кажа музыка.

- Песня-пераможца конкурсу «Засьпявай.BY» - гэта вашая першая песня на беларускай мове?

- У мяне ёсць яшчэ дзве песні на беларускай мове, якія я прэзентаваў на тэлеканале ОНТ - абедзве патрапілі ў «Песню года» Беларусі.

- Вашая музыка - аўтарская, большасць песень - на расейскай мове, аднак у адным з інтэрв'ю вы заявілі аб жаданні перакласці свае расейскамоўныя песні на беларускую. Рэдкая ініцыятыва для нашых дзён...

- У мяне з самага дзяцінства было жаданне размаўляць на роднай мове, бо я яе вельмі люблю, а таксама ведаю нашу гісторыю. Цяпер я спрабую размаўляць на беларускай мове ў побыце, але мне вельмі цяжка, бо ў навучальных установах, дзе я вучуся і вучыўся раней, выкладаюць на расейскай. Бліжэйшым часам хачу удасканаліць сваю мову да літаратурнай, каб не было сорамна. Раз я нарадзіўся ў Беларусі, то павінен спяваць на беларускай мове, але не ўважаю за злачынства спяваць на іншых мовах. Я спяваў на англійскай і польскай, хачу вывучыць некалькі песень на кітайскай мове!

Зусім надоечы быў на конкурсе «The voice in Poland», які праходзіў у Польшчы. Галоўнай мэтай для мяне было прадэманстраваць беларускую мову польскім гледачам. Хоць мяне і не ўзялі ў само шоў, але затое запрасілі выступіць у жывым эфіры фіналу, і папулярны гурт Piersi запрасіў выступіць у іх на разагрэве ў Варшаве для дзесяцітысячнай аўдыторыі. І вось цяпер у Маскве, у тэлецэнтры «Астанкіна», прайшоў музычны конкурс «Голас Расеі», так што вельмі хутка можна будзе ўбачыць мой новы выступ у інтэрнэце.

- Пра што вы марыце?

- Мару трапіць на фестываль уручэння Grammy (не трэба ставіць маленькіх мэтаў!) І на Еўравізію. Дарэчы, я ўжо быў у фінале адбору «Еўравізіі» у 2013 і 2014 гадах, значыць, трэба і ў гэтым годзе спрабаваць!

Канцэрт, на якім можна будзе пачуць прэзентацыю сінгла пройдзе ў нядзелю 27 ліпеня ў менскім бары «Свет кавы», вул. Якуба Коласа, 37. Пачатак а 19:00.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках