3 траўня 2024, Пятніца, 2:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайцы пачалі будаваць ГЭС на Дзвіне

17
Кітайцы пачалі будаваць ГЭС на Дзвіне

Будпляцоўка Віцебскай ГЭС адкрылася закладкай сімвалічнага каменя.

У цырымоніі закладкі памятнага каменя ўзялі ўдзел міністр энэргетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык, пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цімін, прэзідэнт Кітайскай нацыянальнай карпарацыі ў электраабсталяванні CNEEC Чжэн Чэнцзюн і іншыя. Такім чынам, дадзены сімвалічны старт будаўніцтву асноўных гідратэхнічных збудаванняў, будынка Віцебскай ГЭС і вадазліўной плаціны - знакавага беларуска-кітайскага інвестыцыйнага праекта. Яго рэалізацыя павінна стаць істотным укладам у забеспячэнне энэргетычнай бяспекі Беларусі. Устаноўленая магутнасць чатырох гідраагрэгатаў Віцебскай ГЭС складзе 40 МВт, яна стане самай магутнай гідраэлектрастанцыяй ў Беларусі. Яе ўвод дазволіць краіне штогод эканоміць 38,6 тысяч тон умоўнага паліва, піша БелТА.

Кантрактная цана будаўніцтва пад ключ - без малога $190 млн. Пры гэтым, згодна з кантрактам, на 30% яго кошту да будаўніцтва павінны быць прыцягнутыя беларускія прадпрыемствы і выкарыстоўвацца беларускія будматэрыялы. Тэрмін будаўніцтва - 57 месяцаў. Увод аб'екта чакаецца ў 2017 годзе.

Закладзены сёння камень сімвалізуе сабой у тым ліку заканчэнне вялікай падрыхтоўчай работы, пачатак якой быў пакладзены ў снежні 2010 года падпісаннем кантракту на комплекснае будаўніцтва аб'екта з CNEEC. На гэты момант гатовая асноўная пад'язная дарога да гідравузла (каля 2 км), якая праходзіць па правым беразе Заходняй Дзвіны з боку Рубы праз Букаціна. Будуецца пад'язная дарога па левым беразе: выканана 2,5 км дарожнага пакрыцця з 3,4 км. Завершаны работы ва ўсталяванні часовага электразабеспячэння на абодвух берагах. Са жніўня будаўнікі прыступаюць да выканання бетонных работ.

Не застаюцца без увагі турботы і патрэбы занятых на будоўлі людзей: для іх уведзеная ў дзеянне будаўнічая база, якая мае інтэрнат, офіс, сталоўку. Для забеспячэння бесперабойнай работы пабудаваны растворна-бетонны вузел, склад для захоўвання будматэрыялаў, арматурны цэх.

Канцэпцыя энэргетычнай бяспекі Беларусі да 2020 года прадугледжвае стварэнне на Заходняй Дзвіне каскаду з чатырох гідраэлектрастанцый: Полацкай, Віцебскай, Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай. Іх сумарная ўстаноўленая магутнасць складзе 125-130 МВт. Кантракты на будаўніцтва Бешанковіцкай і Верхнядзвінскай ГЭС укладзеныя з турэцкай кампаніяй, якая будзе валодаць гэтымі аб'ектамі 30 гадоў. Пасля заканчэння гэтага тэрміну гідраэлектрастанцыі пяройдуць ва ўласнасць Беларусі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках