5 траўня 2024, Нядзеля, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кульгавы Кім Чэн Ын трапіў у афіцыйную телехроніку (Відэа)

17

Паўночнакарэйскі дыктатар прыйшоў на цырымонію ў Пхеньяне, прысвечаную 20-й гадавіне смерці Кім Ір Сэна, накульгваючы.

Ягоны праход па зале Кымсусанского мэмарыяльнага палаца Сонца быў паказаны на мясцовай тэлевізіі. Заходнія СМІ ўспрынялі гэта як небывалы выпадак для краіны, дзе лідэры падаюцца як паўбогі, піша NEWSru.com.

Першы сакратар ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Чэн Ын прыбыў у палац Сонца, дзе ў шкляных саркафагах спачываюць целы ягонага дзеда і бацькі, роўна апоўдні, піша РІА "Новости" са спасылкай на паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК. Ён усклаў кветкі да помніка Кім Ір Сэну, агледзеў залы, дзе выстаўленыя ўрадавыя ўзнагароды, вагон цягніка і службовы аўтамабіль ягонага дзеда.

Хвілінны відэазапіс, на якім Кім Чэн Ын, прыкметна кульгаючы, ідзе да трыбуны, а затым схіляе галаву падчас хвіліны маўчання, падае брытанская The Guardian. Раней дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і прапаганды КНДР не дазвалялі сабе дэманстраваць слабасць ці хваробу кіраўнікоў краіны, адзначае выданне. Напрыклад, аператарам было забаронена здымаць пад пэўным кутом Кім Ір Сэна, у якога аж да ягонай смерці ў 1994 годзе была неаперабельная пухліна на шыі памерам з тэнісны балонік.

Пры якіх абставінах Кім Чэн Ын зарабіў сваю кульгавасць, невядома, піша Reuters. А The Wall Street Journal адзначае, што паўднёвакарэйскія СМІ ўжо адзначалі значнае павелічэнне вагі паўночнакарэйскага лідэра і абмяркоўвалі стан ягонага здароўя, на якім, магчыма, адбіваецца курэнне. У прэсе таксама агучваліся здагадкі, што Кім Чэн Ын зрабіў пластычную аперацыю, каб узмацніць падабенства з дзедам. Бацька Кім Чэн Ына, Кім Чэн Ір, таксама накульгваў пасля таго, як перанёс інсульт у 2008 годзе, нагадвае газэта.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках