4 траўня 2024, Субота, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крамбамбуля» прэзэнтуе партызанскія песні на фэсце Galapagai

«Крамбамбуля» прэзэнтуе партызанскія песні на фэсце Galapagai

Гурт «Крамбамбуля» цяпер актыўна працуе ў студыі над новым дыскам, які будзе складацца з «партызанскіх» песень.

Упершыню іх можна будзе пачуць разам з вядомымі гітамі 2 жніўня на фэсце Galapagai (Літва), на які беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы, пішуць «Беларускія навіны».

«Песні новай праграмы умоўна «партызанскія» - яны распавядаюць пра барацьбу вольналюбных людзей з нейкім ворагам, - тлумачыць лідэр гурта Лявон Вольскі. - У гэтым выпадку мы маем справу з «заўзятай антысаветчынай», бо вораг - гэта савецкая сістэма, ці, як кажуць некаторыя, «савецкая акупацыя», якая пачалася на нашай тэрыторыі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Але пра гэтыя драматычныя падзеі «Крамбамбуля» спявае з уласцівымі ёй гумарам ды іроніяй».

Сам альбом павінен выйсці бліжэй да канца года, так што ўсіх наведнікаў Galapagai чакае сапраўдны эксклюзіў.

Акрамя «Крамбамбулі», ад Беларусі ў фэсце, які адбудзецца 1 жніўня, возьме ўдзел гурт «Без білета». Сярод замежных хэдлайнэраў The Baseballs (Нямеччына), Supersci (Швэцыя), Mr.Woodnote (Вялікабрытанія). Агулам на 4 сцэнах выступяць больш за 40 артыстаў. Гледачоў таксама чакае шырокая праграма гульняў і забаў.

Уваходныя квіткі на гэты канцэрт для беларусаў забяспечаныя бясплатнымі візамі з тэрмінам знаходжання з 1 да 3 жніўня ўключна. Падача дакумэнтаў традыцыйна спрошчаная - даведкі з месца працы/навучання, пацверджанне платаздольнасці не патрабуюцца. Падрабязная інфармацыя аб запаўненні анкет ды іншых нюансах на сайце shabli.by.

Калі ў вас няма дзейнай візы, то для куплі квітка (адзін квіток на адзін пашпарт) вам трэба папярэдне зарэгістравацца на падачу дакумэнтаў у пасольстве Літвы на даты з 1 да 23 ліпеня (электронны запіс на сайце амбасады) і надрукаваць пацвярджэнне рэгістрацыі.

Квіткі прадаюцца ў канторы агенцтва «Шаблі»: Менск, вул.Чарвякова, 6 (3-і пад'езд, цокальны паверх) з 9:00 да 19:00 гадзін працоўнымі днямі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках