5 траўня 2024, Нядзеля, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пілігрымы ідуць у Полацк у гонар забітых расейскім царом святароў

8
Пілігрымы ідуць у Полацк у гонар забітых расейскім царом святароў

Пілігрымы выйшлі з Віцебска і пройдуць пешшу больш за 100 кіламэтраў.

Святары і вернікі грэка-каталікі за чатыры дні павінны дабрацца да полацкага Сафійскага сабора, дзе ў пачатку 18 стагоддзя адбыліся трагічныя падзеі - былі закатаваныя за веру пяцёра манахаў-базыльянаў, полацкіх пакутнікаў, перадае «Радыё Свабода».

Сёння а сёмай раніцы пад харугвамі і абразамі пілігрымы вырушылі ад віцебскай грэцка-каталіцкай царквы.

Пілігрымка ў гонар полацкіх пакутнікаў - гэта традыцыя, якая існуе ўжо дваццаць гадоў, і яшчэ ні разу не перапынялася.

«У пілігрымцы важны сам працэс, - кажа віцебскі святар айцец Зміцер. - Гэта штодзённая літургія, малітва агульная, малітва індывідуальная, выкладанне нейкіх навук святарамі або сэмінарыстамі... Традыцыйна мы выходзім у сераду і ідзем чатыры дні. Першы дзень самы цяжкі - мы павінны прайсці сорак кіламэтраў да Шуміліна. Потым будуць дні лягчэйшыя, не такія напружаныя... І 11 ліпеня мы ўшануем памяць полацкіх пакутнікаў, бо 11 ліпеня - гэта дата іхняй пакутніцкай смерці».

У 1705 годзе, увайшоўшы ў Полацк са сваімі войскамі, цар Пётр I наважыў наведаць Сафійскі сабор, які быў тады ўніяцкай святыняй. На адным з абразоў ён убачыў аблічча і спытаў настаяцеля храма, хто гэта. Настаяцель не схлусіў: сказаў, што гэта полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч, забіты ў Віцебску ў 1623 аднаверцамі праваслаўнага расейскага цара. Убачыўшы, якую пашану тут аддаюць забітаму Язафату Кунцэвічу, цар Пётр I ўласнаручна засек настаяцеля шабляй. І яшчэ чацвёра мніхаў былі забітыя ў той жа дзень на загад цара.

Пяць полацкіх пакутнікаў сталі ўзорам цвёрдасці ў веры. А Сафійскі сабор, які Пётр I загадаў спаліць, і з'яўляецца тым пунктам, куды штогод накіроўваюцца пілігрымы, працягвае айцец Зміцер:

«Мэта наша - гэта малітва ля муроў Сафіі за блаславенне пакутнікаў. Калісьці яна адбывалася ў самым гэтым музэі, я не кажу, што гэта цяпер святыня, гэта больш музэй... Але не заўсёды гэта выпадае, бо нейкі дзіўны ажыятаж вакол гэтага сабора. Аднак мы не ў крыўдзе, бо доўгія гады ўсё святыні наогул былі замкнёныя, і наша мэта - памаліцца за полацкіх пакутнікаў, а не патрапіць усялякімі сродкамі ў Сафійскі сабор».

Пілігрымкі ў гонар полацкіх пакутнікаў - гэта ўжо не рэгіянальная з'ява. У іх традыцыйна бяруць удзел вернікі грэка-каталікі з іншых беларускіх, а часта - і з украінскіх гарадоў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках