2 траўня 2024, Чацвер, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Цяцерын: Не здзіўлюся, калі хутка ў Беларусі вырастуць бананы!

30
Сяргей Цяцерын: Не здзіўлюся, калі хутка ў Беларусі вырастуць бананы!

Віцэ-прэзідэнт Беларускай тэніснай федэрацыі распавёў, як на градках у рэзідэнцыі Лукашэнкі збіралі ўраджай кавуноў і дынь.

У сераду на сайце Лукашэнкі з'явіўся вялікі фотарэпартаж: ён з малодшым сынам Колем басанож збіраюць дыні і кавуны, якія саспелі ў Драздах пад Менскам, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Нагадаем, выдатным ураджаем бахчавых ён пахваліўся падчас паездкі па Гарадзенскай вобласці і нават прапанаваў вырошчваць экзатычныя для Беларусі плады на Палессі.

Кавуны на прэзідэнцкіх градках урадзіліся такімі вялізнымі, што на збор ураджаю прыйшлося паклікаць дапамогу. На фота бачна, што бахчавыя дапамагае насіць віцэ-прэзідэнт Беларускай тэніснай асацыяцыі Сяргей Цяцерын. Яму журналісты і патэлефанавалі, каб даведацца, якія яны на густ, беларускія дыні і кавуны.

- Сяргей Сямёнавіч, чаго больш сабралі: дынь або кавуноў?

- Мы не лічылі, і дынь, і кавуноў вырасла шмат.

- А вам што больш спадабалася, напэўна каштавалі?

- Нашыя кавуны прыемныя на смак, з лёгкай кіслінкай. Але адрозніваюцца ад астраханскіх. Я калісьці ў «Камсамолцы» чытаў, што ў астраханскіх больш цукру, глюкозы, а ў нашых больш фруктозы, яны кісла-салодкія.

Па колеры нашыя ружова-чырванаватыя, астраханскія - ярка-чырвоныя, можа, таму што іх вязуць даўжэй?

- Для многіх беларускія кавуны - нават не дзіва, а шок: як такое магчыма?

- Я таксама здзівіўся, але на свае вочы бачыў і пацвярджаю: выраслі вялікія прыгожыя кавуны. Я не здзіўлюся, калі некалі ў нас вырастуць і бананы!

А сёння ахвотныя садоўнікі і агароднікі могуць ужо вырошчваць кавуны на сваіх градках, у калгасах, саўгасах.

- А вы рызыкняце?

- Рызыкну. У наступным годзе паспрабую пасадзіць кавуны на сваіх градках. Там ёсць адмысловая тэхналогія: трэба падрыхтаваць глебу, добра яе ўгнойваць...

- Добра, ураджай сабралі, а захоўваць як?

- Я вось таксама гэтым цікавіўся. Кажуць, гэтыя кавуны можна захоўваць і месяц, і нават больш. Але сезон кавуноў у нас жнівень-верасень, чаго іх захоўваць, іх есці трэба. Я захоўваю дома ў лядоўні. Дзеці елі з задавальненнем, мы ўдзячныя нашаму прэзідэнту, што пачаставаў і паказаў асабістым прыкладам, што цуды магчымыя і ў Беларусі.

- А чаму наважылі збіраць ураджай 20 жніўня, як спеласць вызначалі?

- Паглядзелі - выглядаюць спелымі, пакаштавалі - смачна. Але сабралі не ўсе, некаторыя яшчэ даспяваюць. Ведаю, што частку кавуноў перадалі ў дзіцячы дом і ў дом ветэранаў. Пачаставалі і работнікаў, якія дапамагалі вырошчваць.

- Сяргей Сямёнавіч, з фота бачна, што вы адразу тры кавуны несяце, няўжо такія лёгкія?

- Я сам здзівіўся, калі пасля ўбачыў, што сярэдні кавун важыць амаль 10 кілаграмаў.

- А дыні хоць салодкія?

- Так, падобныя да мядовых. Вырасцілі два гатункі. Адны зеленаватыя, могуць захоўвацца доўга, думаю, да Новага года. А іншыя - з расколінамі, з іх проста сок цячэ - тыя трэба адразу ёсці.

- А чаму басанож збіралі?

- Я прыехаў у звычайным абутку, а для збору патрэбны адмысловы, у якім не шкада і па пяску прайсці, і па градках. Пад рукой нічога прыдатнага не было, вось і разуўся. Але па зямлі басанож карысна прайсціся!

- Вы загадзя ведалі, што будзеце збіраць кавуны ці гэта быў экспромт?

- У нас ёсць спартыўная каманда на чале з прэзідэнтам, і мы ўжо даўно абмяркоўвалі, што спее ўраджай кавуноў, прыйдзе восень - будзем прыбіраць.

Мы недалёка на палях косім, там побач і бульба расце, і морква, і буракі - уся агароднінная прадукцыя, якую бачым на прылаўках. Мне пашанцавала паўдзельнічаць у зборы ўраджаю, атрымаў свой мех бульбы, некалькі кавуноў, дыняў.

- Сярод вас была толькі адная жанчына - лекар Лукашэнкі Святлана Канашэнка. Яна, можа быць, правярала кавуны як спецыяліст?

- Як спецыяліст яна расказвала, што кавуны вельмі карысныя, таму што ў іх шмат фруктозы і глюкозы, якія патрэбныя для здароўя чалавека. І яна таксама ўдзельнічала ў працы. Дапамагала, нягледзячы на тое, што кавуны былі цяжкія, таксама іх пераносіла і прымала паўнавартасны ўдзел у зборы ўраджаю.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках