3 траўня 2024, Пятніца, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гурт N.R.M. рыхтуе юбілейны трыб'ют

Гурт N.R.M. рыхтуе юбілейны трыб'ют

Музыкі гурта N.R.M. абвясцілі аб афіцыйным пачатку збору заявак на ўдзел у трыб'юце, прысвечаным 20-годдзю гурта.

У трыб'юце можа ўзяць удзел любы калектыў не толькі з Беларусі, але і з іншай краіны, піша ultra-music.com.

«Мы не з'яўляемся міжнароднымі зоркамі. Мы ў іншай зоне ўплыву і не чакаем, што ў трыб'юце захоча паўдзельнічаць, напрыклад, Metallica. Але мы дакладна ведаем, што ў Польшчы маладыя гурты граюць нашы песні, свае версіі рабілі такія гранды, як Pidżama Porno і Myslovitz. Апошнія паўдзельнічаюць і ў трыб'юце. У нас ёсць фанаты ва Украіне, Расеі, Літве. Магчыма хтосьці з гуртоў з гэтых краін захоча далучыцца да праекту. І, вядома, мы чакаем запісаў ад беларускіх музыкаў», - кажа Піт Паўлаў.

Калі хтосьці з музыкаў захоча праспяваць песню NRM, спачатку лепш узгадніць абраны трэк з групай, каб не было занадта шмат аднолькавых кампазіцый на трыб'юце. Пасля гэтага музыкі могуць пачынаць працу над песняй і запісваць яе.

«У мінулым трыб'юце, які выйшаў у 2003 годзе, некаторыя маладыя гурты падрыхтавалі вельмі якасныя кавэры, але проста зрабілі памылкі ў тэксце. Калі б яны былі з намі на сувязі, яны б пазбеглі гэтых памылак. Мы не будзем умешвацца ў творчы працэс, але можам даць некалькі заўваг, так як мы ўсё жыццё маем справу з гэтымі песнямі і нават з кавэрамі на іх, - дадаў Піт. - Мы не можам аплаціць музыкам студыю. Але яны атрымаюць у рэпертуар песню NRM, якую змогуць уключыць у свой альбом, граць на канцэртах. А калі мы прыедзем у іх горад, яны змогуць паўдзельнічаць у нашым канцэрце».

Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння збору заявак на ўдзел у трыб'юце шэраг вядомых гуртоў пастанавілі паўдзельнічаць у ім. Акрамя названых вышэй Myslovitz, сваю версію ўжо робіць гурт «Мутнаевока». Папярэдняе жаданне выказалі гурты «Жир», Re1ikt, Tonqixod, Nizkiz, Indra. Канчатковыя тэрміны завяршэння працы над трыб'ютам NRM не ўсталёўваюць: юбілей будзе святкавацца цягам усяго года.

«Мы б хацелі, каб у выніку атрымаўся фізічны носьбіт - кампакт-кружэлка з некалькімі візуалізацыямі або вялікім ролікам пра тое, як рабіўся гэты дыск. Я думаю, варта зняць працу ў студыі, зрабіць кароценькія інтэрв'ю з музыкамі, каб гэта было цікава і слухачам, і гуртам, - распавядае Піт Паўлаў. - N.R.M. адкрыты да прапаноў і ад спонсараў: калі хто хоча цалкам або часткова прафінансаваць стварэнне новага трыб'юту, музыкі будуць толькі радыя гэтаму. Акрамя таго, хутка на новым сайце гурта з'явіцца спецыяльная форма, праз якую звычайныя слухачы змогуць падпісацца на атрыманне кружэлкі, проста аплаціўшы кошт будучага выдання».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках