3 траўня 2024, Пятніца, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўны магілёўскага завода: Я перамог у сутычцы з сістэмай

4
Працоўны магілёўскага завода: Я перамог у сутычцы з сістэмай

Валадар Цурпанаў судзіўся з адміністрацыяй прадпрыемства, якая не выплаціла яму заробак.

Ад суда працоўны арматурнага завода дамагаўся, каб працэс праходзіў на беларускай мове, паведамляе «Радыё Свабода».

Суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, але пагадзілася з патрабаваннем пазоўніка, каб у працэсе ўдзельнічаў перакладчык з расейскай мовы на беларускую. Прысуд суда з матывіровачнай часткай зваршчыку арматурнага завода Валадару Цурпанаву выдалі на беларускай мове. Такім было яго патрабаванне. Са слоў рабочага, судовы дакумент, падрыхтаваны на беларускай мове, - выключная падзея для магілёўскіх судоў.

«На самой справе, пастанова суда не ў маю карысць, але мяркую, што, саступіўшы ў судзе, я, як грамадзянін, перамог у сутычцы з сістэмай, - адзначае Цурпанаў. - Суд быў цалкам маім - быў перакладчык і я атрымаў пастанову суда на беларускай мове. Для мяне гэта вельмі важна. Сістэма на гэтым судзе дала задні ход».

Супраць вядзення працэсу на беларускай мове выступілі прадстаўнікі адказчыка. Супрацоўнікі адміністрацыі прадпрыемства заявілі на судзе, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку расейская. Суддзя Вольга Клякаўкіна прыняла довады адказчыка.

У прыватнай гутарцы суддзя адзначыла, што калі б прадстаўнікі адміністрацыі арматурнага завода пагадзіліся з хадайніцтвам Цурпанава, то працэс быў бы беларускамоўным. Сам жа Цурпанаў мяркуе, што стаўленне суддзі да беларускай мовы на працягу ўсяго працэсу было добразычлівым і гэта адбілася на яе гатоўнасці падрыхтаваць прысуд па-беларуску.

«Запэўненні суддзі, што яна добра разумее мову і валодае ёй, на працэсе раз за разам выяўляліся, - кажа пазоўнік, - Яна прымушала сябе стрымлівацца, калі нечакана ўслед за мной, пераходзіла на беларускую мову. Часам яна нават сябе лаяла, што маўляў, не стрымалася і загаварыла па-беларуску».

Цурпанаў спрабаваў адсудзіць у арматурнага завода некалькі мільёнаў рублёў недаплаты. Аргументаваць свае прэтэнзіі пазоўнік не змог. Прадстаўнікі адказчыка прадставілі суду дакументы, якія пацвердзілі, што заробак Цурпанаву налічваўся згодна з усталяванымі на заводзе правіламі.

«Мэта суда заключалася не ў грошах і не ў той даплаце, якую я прасіў зрабіць, - сцвярджае пазоўнік, - Галоўнае было - даказаць наймальніку, што ёсць месца, дзе са звычайным работнікам ён вымушаны будзе гаварыць на роўных. На сёння адзіным месцам застаецца суд. Прадстаўнікі наймальніка вымушаныя былі слухаць мяне і адказваць на мае пытанні».

Як сказаў сам Цурпанаў, ён мог бы і не звяртацца ў суд, каб адміністрацыя адрэагавала на яго звароты, якія тычыліся арганізацыі працы на прадпрыемстве. Пазоўнік казаў суду, што накіраваў адміністрацыі больш за дзясятак зваротаў, на якія ён не атрымаў адказаў. У адным з іх ён прасіў прадставіць яму дакументы, згодна з якімі рабочым налічваюцца заробкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках