27 красавiка 2024, Субота, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Times: Наступная вайна ў Еўропе - паміж Украінай і Расеяй

19
The Washington Times: Наступная вайна ў Еўропе - паміж Украінай і Расеяй

Еўропе пагражае новая буйнамаштабная вайна.

У 1939 годзе сваім уварваннем у Польшчу нацысцкая Нямеччына паклала пачатак Другой сусветнай вайне. Сёння ж дэтанатарам можа стаць не Польшча, а Украіна. І агрэсарам будзе не Адольф Гітлер, а расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, піша The Washington Post (пераклад - Иносми.ру).

Пад яго жалезнай пятай Расея ператварылася ў бандыцкую краіну. Там ліквідаваная дэмакратыя, пышным колерам заквітнела карупцыя. Там забіваюць журналістаў, кідаюць у турмы іншадумцаў, а кіруючы рэжым кантралюе сродкі масавай інфармацыі. Масква са сваімі распухлымі ад нафтадаляраў кішэнямі спрабуе аднавіць Вялікую Расейскую Імперыю. І гэта ператвараецца ў стратэгічную пагрозу як для яе суседзяў, так і для Захаду.

Пуцін - былы апаратчык з шэрагаў КДБ. Ён назваў распад Савецкага Саюза «найвялікшай геапалітычнай катастрофай 20-га стагоддзя». Такая заява сведчыць аб яго крыважэрнасці і маральнай сапсаванасці. Савецкі камунізм быў самой буйной сістэмай масавых забойстваў у гісторыі. Ён нясе адказнасць за гібель 60 з лішнім мільёнаў чалавек. І распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не быў катастрофай, наадварот: гэта была перамога для дэмакратыі, нацыянальнага самавызначэння і цывілізацыі.

На яго руінах з'явілася незалежная Украіна. «Ні адзін іншы народ не пакутаваў столькі пад уладай Масквы, як украінцы», - кажа прафесар Манрэальскага ўніверсітэта Макгіл і вядучы экспэрт Украіны Джэры Келебей (Gerry Kelebay).

У 1932-1933 годзе савецкі дыктатар Іосіф Сталін зладзіў на Украіне масавы голад. Больш за 10 мільёнаў украінцаў загінулі тады галоднай смерцю. «Калі нейкая краіна і заслужыла права на нацыянальную дзяржаўнасць, то гэта Украіна», - кажа Келебей.

І ён мае рацыю. Здабыты з вялікай працы суверэнітэт і квітнеючая цяпер дэмакратыя абышліся Кіеву вялікай цаной. На жаль, Украіне зноў пагражае расейская агрэсія. Але на гэты раз агрэсарамі з’яўляюцца не марксісты-ленінцы, а ваяўнічыя нацыяналісты з месіянскімі пазывамі.

Масква ўступіла на сцежку вайны. Пасля ўварвання ў Грузію і ўстанаўлення ўлады Расеі над сепаратысцкімі раёнамі Паўднёвая Асеція і Абхазія Пуцін цяпер мае намер раздзяліць Украіну. Гэты расейскі дыктатар не хавае сваёй пагарды да незалежнасці Кіева. На красавіцкім саміце NАТO ён сказаў прэзідэнту Бушу, што Украіна гэта нават і не дзяржава зусім, і што значную частку тэрыторыі ёй «аддала» Расея. Пуцін папярэдзіў, што калі Украіна асмеліцца ўступіць у NАТО, яна «спыніць сваё існаванне як дзяржава».

Крамлёўская ксенафобная эліта пагарджае Украінай і Грузіяй па адной простай прычыне - гэтыя краіны спрабуюць вырвацца з аўтарытарных маскоўскіх ціскоў. У адказ на гэта Расея імкнецца дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне.

Галоўная мэта Масквы - вырваць з-пад кантролю Кіева Крымскую паўвыспу. Большая частка жыхароў Крыму - гэта этнічныя расейцы. Што яшчэ больш важна, у крымскім Севастопалі грунтуецца расейскі Чарнаморскі флот. Паводле дамовы ад 1997 паміж дзвюма краінамі, расейскія караблі павінны сысці адтуль да 2017 года. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка адмаўляецца працягваць тэрмін арэнды. Ён цалкам справядліва асцерагаецца, што Масква мае намер заставацца там няпэўна доўга, каб з часам далучыць да сябе ўвесь Крым. Расейскае кіраўніцтва ўжо заявіла, што не пакіне базу ў Севастопалі, а марское права Кіева на Расею не распаўсюджваецца.

Больш за тое, Расея тысячамі раздае расейскія пашпарты сваім прыхільнікам у Крыме. План грунтуецца ў паўтарэнні таго, што ўжо адбылося ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі: стварыць падставу для накіравання ў Крым расейскіх «міратворцаў» для абароны нібыта трапіўшых у бяду расейскіх «грамадзян».

Але Украіна не Грузія. Гэта вялікая і моцная ў вайсковым дачыненні краіна, якая добра памятае аб расейскім панаванні. Кожная спроба Масквы раскалоць яе асуджаная на жорсткі супраціў. Гэта можа выклікаць кровапралітную вайну паміж Расеяй і Украінай. У яе непазбежна апынуцца ўцягнутымі Польшча і краіны Балтыі - а ўсе яны сябры NАТО. Ваяўнічы нацыяналізм Пуціна пагражае агульнаеўрапейскім пажарам.

Бітва за Украіну гэта не толькі выпрабаванне сілы волі рэгіянальнага маштабу. Гэта сутыкненне за будучыню Еўропы і за ролю Расеі ў гэтай будучыні. Артадаксальныя славянафілы, такія як Пуцін, мараць аб «славянскім саюзе» ў складзе Расеі, Беларусі і Украіны. Яны выступаюць за адраджэнне расейскага імперыялізму, які імкнецца ўсталяваць панаванне над суседзямі, зацвердзіць сваю сферу ўплыву ва Усходняй Еўропе і на Балканах, а таксама падарваць уладу і ўплыў Амерыкі за мяжой. Менавіта гэтым можна растлумачыць тую падтрымку, якую Масква аказвала Сербіі на чале са Слабаданам Мілошавічам (Slobodan Milosevic), Іраку Садама Хусэйна (Saddam Hussein) і Ірану Махмуда Ахмадзінежада (Mahmoud Ahmadinejad).

Аднак дамагчыся гэтага Пуціну перашкаджае дэмакратычная і адзіная Украіна. Украіна гэта стратэгічны бастыён, супрацьлеглы расейскай экспансіі, усходні абарончы вал заходняй цывілізацыі. Кіеў - гэта не проста нейкая правінцыйная сталіца Вялікаросіі, гэта краевугольны камень еўрапейскага кантынента. Менавіта таму Украіна імкнецца ўвайсці ў склад NАТO і Еўрапейскага Звязу.

Менавіта таму Масква гэтак адчайна спрабуе сарваць працэс інтэграцыі Украіны ў еўраатлантычны альянс. Квітнеючая і плюралістычная праваслаўная славянская дзяржава на расейскіх рубяжах будзе служыць прывабнай альтэрнатывай жорсткай дыктатуры Крамля. Паспяховая Украіна зможа пракласці дарогу да перамогі ліберальнай дэмакратыі ў Расеі. А Пуцін гатовы зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтага. Ён можа нават пайсці на тое, каб зацягнуць Еўропу ў новае катастрафічнае кровапраліцце масавага маштабу. Сёння мы ўсе ўкраінцы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках