3 траўня 2024, Пятніца, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры фокусы ад Лукашэнкі

42
Тры фокусы ад Лукашэнкі

Што агульнага ў беларускага дыктатара і Хаджы Насрэдзіна?

Кіраўніцтва Беларусі зноў занялося стымуляцыяй вушэй суграмадзян, спадзеючыся заахвоціць іх на трэцяе дзіця ў сям'і.

Размоў на гэтую тэму было столькі, што шмат хто ўжо крыху забыўся, з чаго ўсё пачыналася, піша «Салiдарнасць».

Адпаведна, не грэх і нагадаць. Акрамя агульных заяваў Лукашэнкі тыпу «трэцяе - гэта маё дзіця», былі і цалкам канкрэтныя абяцанні: «У Беларусі прыйшоў час прымаць пастанову: трое дзяцей - бясплатная кватэра» (23 лістапада 2005 года, на прэс-канферэнцыі для журналістаў расейскіх рэгіянальных СМІ).

З тых часоў нямала дзяцей нарадзілася, але з выдачай бясплатнай жылплошчы за трэцяе дзіця ўлада неяк не асабліва спяшалася. І вось, на мінулым тыдні, нарэшце праявіліся контуры праекта «Вялікая сям'я». А там фокус №1: Лукашэнка наважыў замест кватэры адарыць шчаслівых бацькоў трэцяга дзіцяці... 10 тысячамі даляраў.

Пагадзіцеся, замена выглядае нераўназначнай. Але гэта далёка не адзіны сюрпрыз, які падрыхтаваў правадыр дзяржавы.

Фокус №2: грошы выдадуць не адразу, а праз 18 гадоў! Увесь гэты час яны нібыта будуць адкладацца на дэпазітны рахунак і нават - з глузду з’ехаць! - індэксавацца на ўзровень інфляцыі даляра.

Гэты фінт нагадвае знакамітую гісторыю пра Хаджа Насрэдзіна, які за 20 гадоў навучыць ішака грамаце. У адваротным выпадку падзішах павінен быў адсекчы «педагогу» галаву. Насрэдзін, зрэшты, нічым асабліва не рызыкаваў, разумна разважыўшы, што за два дзесяцігоддзі з амаль 100%- ай верагоднасцю дасць дуба альбо ішак, альбо падзішах, альбо сам хітрун.

І, нарэшце, фокус №3. Лукашэнка наважыў яшчэ і папоўніць скарбніцу за кошт трэціх дзяцей. Прыкрываючыся высакароднай мэтай, ён заявіў пра патрэбу падвысіць падаходны падатак, каб было што адкладаць на дэпазітныя рахункі. Гэта значыць грошы з грамадзян на выкананне абяцання Лукашэнкі пачнуць збіраць ужо бліжэйшым часам, а раздаваць іх збіраюцца толькі ў «цудоўнай будучыні». Хаджа Насрэдзін пляскае ў ладкі.

Ацаніце усю прыгажосць задумы: «падзішах» дае абяцанне, збірае пад яго грошы, а выконваць напэўна давядзецца (хутчэй, адказваць за невыкананне) камусьці іншаму.

Дарэчы, днямі Лукашэнка прапанаваў беларусам гадаваць непарнакапытных з сямейства конскіх. Не ішакоў, праўда, а поні. Але пакуль складваецца ўражанне, што гадуюць толькі дурняў-беларусаў.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках