ФБР падазрае хакераў з РФ у атацы на банкі ЗША
3- 28.08.2014, 9:52
- 4,158
Федэральнае бюро расследаванняў ЗША падазрае расейскіх хакераў у буйным крадзяжы звестак банка JPMorgan Chase & Co. (JPM).
Аб гэтым піша Bloomberg са спасылкай на неназваныя крыніцы, блізкія да расследавання, перадае NEWSru.com.
У выніку зробленай у сярэдзіне жніўня кібератакі хакерам, як мяркуецца, расейскага паходжання, удалося выкрасці і рассакрэціць гігабайты канфідэнцыйнай інфармацыі. Цяпер ФБР спрабуе ўсталяваць, ці звязаны гэты напад з нядаўнімі ўзломам шэрагу найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў.
Як мінімум у адным выпадку ўзломшчыкі скарысталіся так званай "уразлівасцю нулявога дня" на сайце пацярпелага банка, а потым пераадолелі складаную шматслаёвую кіберабарону і выкралі звесткі.
Экспэрты, з якімі гаварыла агенцтва, мяркуюць, што напад такога ўзроўню наўрад ці быў па сілам звычайным хакерам. Гэтая акалічнасць і тэхнічныя дэталі, знойдзеныя ў кампутарах пацярпелых банкаў, даюць падставу падазраваць, што справа не абышлася без удзелу нейкага ўрада.
Акрамя таго, узровень атакі дазваляе ФБР меркаваць, што ва ўсіх выпадках дзейнічала адна і тая ж група. Са слоў крыніцы, амерыканская ўстанова расцэньвае тое, што здарылася як магчымы адказ на санкцыі ў дачыненні да РФ на ўрадавым узроўні за санкцыі, накладзеныя ў сувязі з яе дзеяннямі на Украіне.
Bloomberg падкрэслівае, што амерыканскія і еўрапейскія санкцыі ў першую чаргу закранулі банкаўскі сектар, выклікаўшы гнеў расейскіх афіцыйных асоб. У красавіку менавіта JPMorgan зазнаў цвёрдую крытыку з боку расейскага МЗС, калі заблакаваў перавод з расейскай амбасады ў адзін з банкаў, якія падпаў пад санкцыі. МЗС РФ тады назваў гэтыя дзеянні "незаконнымі і абсурднымі".
Агенцтва нагадвае таксама, што Расея не першы раз выкарыстоўвае кібератакі ў якасці рэакцыі на палітычныя падзеі. Так, падчас канфліктаў з Грузіяй і Эстоніяй хакеры ўзламалі сістэмы сувязі гэтых краін, а таксама ўрадавыя сайты.