27 красавiка 2024, Субота, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праект ушчыльнення квартала ў Менску адправілі на дапрацоўку

5
Праект ушчыльнення квартала ў Менску адправілі на дапрацоўку

Адпраўлены на дапрацоўку праект рэканструкцыі квартала ў межах вуліц Калініна - Коласа - Бялінскага - Кнорына - Чорнага - Талбухіна.

Пра гэта паведаміў БелаПАН сябра аргкамітэта ў стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Дзяніс Кобрусеў.

Кіраўніцтва адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы сумесна са спецыялістамі КУП «Менскпраект» 30 ліпеня ў Менску прадставіла праект грамадскасці. На абмеркаванне сабралася блізу 250 мясцовых жыхароў. Планавалася, што параметры вуліц Коласа, Бялінскага, Калініна застануцца ранейшымі, а праезная частка вуліцы Кузьмы Чорнага пашырыцца з 11 да 14 метраў, пашырыцца завулак Калініна, не крануўшы існуючых збудаванняў. Значную тэрыторыю ў межах гэтых вуліц займае воінская часць. Вайскоўцы часткова саступяць гораду тэрыторыю аўтапарка, а таксама будынкі двух казармаў. На вызваленым месцы плануецца жылая вышынная забудова, будынкі жа казармаў пераабсталююць пад аб'екты агульнага прызначэння.

Праект прадугледжвае, што колькасць гараджан, якія пражываюць у межах гэтых вуліц, павялічыцца ўдвая - з 4,1 да 8 тыс чалавек. Людзі, якія сабраліся на грамадскае абмеркаванне мясцовыя жыхары выказалі нязгоду з праектам забудовы. Пазней грамадскія актывісты сабралі больш за 1.200 подпісаў супраць рэалізацыі праекта.

Грамадзяне выступілі супраць рэканструкцыі дамоў з адсяленнем і надбудовай мансард, будаўніцтва трох паркінгаў, будаўніцтва 10-павярховага дома на тэрыторыі двара па завулку Калініна, 2, пашырэння дарог па вуліцы Кузьмы Чорнага і завулку Калініна, бо гэта пацягне знішчэнне дрэваў, а праезная частка будзе праходзіць пад вокнамі жыхароў. Акрамя гэтага ў праекце адсутнічалі аб'екты сацыяльнай інфраструктуры і не было прадугледжана добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый.

«На пасяджэнні камісіі 8 жніўня была прынятая пастанова ўнесці ў прадстаўлены праект змены, на якіх настойвала грамадскасць. Да пасяджэння 15 жніўня праект быў перапрацаваны, аднак не ўключыў у сябе цалкам усе патрабаванні мясцовых жыхароў. На выніковым пасяджэнні 22 жніўня камісія пастанавіла, што не ўсе абгрунтаваныя заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання адлюстраваныя ў выпраўленым праекце і адправіла яго на дапрацоўку», - сказаў Кобрусеў.

На ягоную думку, «адпраўку праекта на дапрацоўку можна ўважаць добрым вынікам грамадскага абмеркавання для мясцовых жыхароў, якіх не задаволіў папярэдні варыянт праекта».

«Аднак яшчэ не зусім ясна, якім будзе дапрацаваны варыянт, ці ўключыць ён усе істотныя заўвагі грамадзян і ці будзе адпавядаць іх інтарэсам, - адзначыў актывіст. - Зараз галоўнае наладзіць эфектыўную камунікацыю паміж адміністрацыяй Першамайскага раёна і мясцовымі жыхарамі, каб знайсці кампрамісны варыянт развіцця тэрыторыі, на які маглі б пагадзіцца ўсе бакі».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках