26 красавiка 2024, Пятніца, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ зменшыў патрабаванні да Украіны

2
МВФ зменшыў патрабаванні да Украіны

Міжнародны валютны фонд прыняў пастанову змякчыць умовы выканання двухгадовай праграмы супрацоўніцтва з Украінай.

У прыватнасці, у пытаннях захавання абавязковага аб'ёму рэзерваў Нацыянальнага банка, дэфіцыту дзяржбюджэту і аб'ёму гарантаванай дзяржаўнай запазычанасці, гаворыцца ў заяве Фонду, тэкстам якога валодае УНІАН.

«Канфлікт на ўсходзе Украіны ўплывае на эканоміку і грамадства. Праграма застаецца вельмі складанай для выканання і шмат у чым залежыць ад таго, ці будзе знятая вастрыня канфлікту ў бліжэйшыя месяцы, - гаворыцца ў заяве Фонду. - Рада дырэктараў прыняла пастанову змякчыць умовы выканання праграмы ў сувязі з неадпаведнасцю крытэрыяў эфектыўнасці ў частцы назапашвання міжнародных рэзерваў, касавага дэфіцыту сектара дзяржаўнага кіравання, змены ўнутраных актываў цэнтральнага банка, а таксама аб'ёму гарантаванай дзяржаўнай пазыкі».

У Фондзе не ўдакладнілі новыя дапушчальныя паказчыкі, але падкрэслілі, што гатовыя пайсці насустрач ураду Украіны і правесці восенню гэтага года адразу два агляды выканання праграмы з тым, каб у далейшым прыняць пастанову аб магчымым выдзяленні адразу двух крэдытных траншаў - трэцяга і чацвёртага - адзіным плацяжом.

«У святле невялікай затрымкі з завяршэннем першага перагляду праграмы, Рада дырэктараў ухваліла прапанову ўрада Украіны аб аб'яднанні астатніх двух пераглядаў, запланаваных на 2014 год», - гаворыцца ў заяве.

Каментуючы прынятую пастанову, дырэктар-распарадчык Фонду Крысцін Лагард адзначыла, што ўрад Украіны праводзіць палітыку, накіраваную на стабілізацыю эканомікі і аднаўленне росту.

«Пацвярджэнне выканання такой палітыкі насуперак вельмі складанай абстаноўцы ўсяляе вялікі аптымізм і сведчыць аб здольнасці ўрада і надалей прытрымлівацца абранага курсу», - падкрэсліла Лагард.

У той жа час, эскалацыя канфлікту на ўсходзе, з яе слоў, пагаршэнне эканамічнага становішча, геапалітычная напружанасць кладуцца «цяжкім грузам на эканоміку і грамадства».

«Такі неспрыяльны сцэнар развіцця падзей прывёў да паглыблення эканамічнай рэцэсіі і адхілення ад выканання паказчыкаў развіцця ў кароткатэрміновай перспектыве. У асаблівасці тых, што тычацца чыстых міжнародных рэзерваў Нацыянальнага банка, дэфіцыту бюджэту і дэфіцыту НАК «Нафтагаз Украіны», - адзначыла Лагард.

На яе думку, для таго каб кампенсаваць азначаныя адхіленні, улады Украіны абавязаліся ўкараніць пакет сур'ёзных палітычных мер, у прыватнасці - па назапашванні рэзерваў, кансалідацыі дзяржаўных фінансаў на перыяд 2015-2016 гадоў, забеспячэнні фінансавай асновы працы «Нафтагаза» з дапамогай паляпшэння плацежнай дысцыпліны і карэкціроўкі тарыфаў на энэрганосьбіты.

«Улады краіны прызналі неабходнасць падтрымкі плаваючага валютнага курсу і пераарыентацыю манетарнай палітыкі на забеспячэнне коштавай стабільнасці», - сказала Лагард.

Яна падкрэсліла, што рэформа фінансавага сектара Украіны развіваецца, як было запланавана.

«Рэгулюючая назіральная база ўмацоўваецца, дыягностыка банкаў адбываецца згодна з планам, магчымасці Фонду гарантавання ўкладаў фізічных асоб выконваць ускладзеныя на яго функцыі пашыраюцца. Улады таксама працягваюць працаваць над узмацненнем здольнасці банкаў развязваць пытанне пратэрмінаваных крэдытаў, прапаноўваючы схемы стымулявання добраахвотнай рэструктурызацыі запазычанасцей», - сказала Лагард.

Яна таксама адзначыла прынятыя змены ў дзяржбюджэт у частцы мэтавага паказчыка дэфіцыту і стрымлівання выдаткаў з адначасовым удасканаленнем сістэмы сацыяльнай абароны.

Таксама, на думку Лагард, відавочнае імкненне ўладаў да скарачэння дэфіцыту бюджэту «Нафтагаза» ўжо ў 2015 годзе і да паляпшэння агульнага бізнэс-клімату ў краіне, у тым ліку з дапамогай стварэння магутнага органа барацьбы з карупцыяй і процідзеяння легалізацыі незаконна атрыманых сродкаў.

У той жа час, упэўненая Лагард, негатыўныя рызыкі выканання праграмы застаюцца вельмі высокімі.

«Поспех праграмы залежыць ад своечасовага развязання канфлікту на ўсходзе краіны, а таксама ад актыўных намаганняў улады, накіраваных на ўкараненне і выкананне запланаваных рэформаў. У гэтай сувязі фінансавая і тэхнічная дапамога з боку міжнароднай супольнасці ў падтрымку рэфарматарскіх намаганняў Украіны з'яўляецца незаменным фактарам для дасягнення макраэканамічнай стабілізацыі і аднаўлення росту», - рэзюмавала дырэктар-распарадчык Фонду.

29 жніўня Рада дырэктараў МВФ прыняла пастанову выдзеліць Украіне другі транш крэдытнай праграмы чакання ў памеры 1,39 млрд даляраў. Урад Украіны разлічваў, што Рада дырэктараў прыме станоўчую пастанову, паколькі транш з'яўляецца крытычна неабходным рэсурсам для ўкраінскай эканомікі. Акрамя таго, прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцэюк заяўляў, што Украіна выканала ўсе прамежкавыя этапы рэформаў, неабходныя для станоўчай пастановы фонду.

Як чакаецца, выдзеленыя 1,4 млрд даляраў будуць накіраваныя на падтрымку бюджэту і папаўненне золатавалютных рэзерваў Нацбанка, а таксама паслужаць стабілізацыі валютнага курсу, які на гэты момант з'яўляецца непрымальным для эканомікі краіны.

МВФ ухваліў праграму супрацоўніцтва з Украінай у канцы красавіка гэтага года агульным аб'ёмам 17 млрд даляраў. Першы крэдытны транш Украіна атрымала ў пачатку траўня, яго аб'ём склаў 3,2 млрд даляраў. Сродкі былі накіраваныя на папаўненне рэзерваў Нацыянальнага банка.

Увосень Украіна разлічвае пераканаць Раду дырэктараў Фонду вылучыць нашай краіне да канца года трэці і чацвёрты крэдытныя траншы адной выплатай у аб'ёме 2,2 млрд даляраў ЗША.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках