27 красавiка 2024, Субота, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахскі палітык: Назарбаеў таксама адмаўляе 500-гадовую гісторыю казахаў

20
Казахскі палітык: Назарбаеў таксама адмаўляе 500-гадовую гісторыю казахаў

Былы палітвязень Жасарал Куанышалін не здзіўлены словамі Пуціна пра тое, што Казахстан ніколі не быў дзяржавай.

У 2005 годзе за аналагічную заяву палітык падаваў у суд пазоў на прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. У выніку самога Жасарала Куанышаліна прысудзілі да двух гадоў калоніі «за абразу гонару і годнасці кіраўніка дзяржавы».

«Таксама заяўлялі даўно і далей заяўляюць расейскія нацыяналісты, шавіністы накшталт Эдуарда Лімонава, Уладзіміра Жырыноўскага ды іншыя. Гэта стала звыклым для нас. Натуральна, гэта не значыць, што мы з гэтым згодныя. Мы абураныя і пра гэта гаворым ды пішам», - распавёў апазіцыянер у размове з «Радыё Свабода».

- Але ж гэта заявіў не Лімонаў, не Жырыноўскі, а кіраўнік Расеі, і выдае, што ўпершыню...

- Усе некалі адбываецца ўпершыню. Сёння гэта агучыў Уладзімір Пуцін, а дагэтуль казалі ягоныя рупары, тыя, хто агучваў думкі Пуціна, бо яму было няёмка казаць пра прэтэнзіі на казахскія зямлі, на поўнач Казахстана і гэтак далей. Імпэрцы, вяшчальнікі Пуціна гэта агучвалі. На жаль, для гэтага даў падставу сам Назарбаеў, сам прэзідэнт Казахстана, які неаднаразова заяўляў з высокай трыбуны, праз тэлевізію, што ў Казахстана ніколі не было меж, не было дзяржаўнасці.

Упершыню гэта адбылося ў 2005 годзе, і тады я падаў на яго ў суд пазоў паводле артыкулу «Дзяржаўная здрада». Але за гэта мяне самога судзілі за тое, што я нібыта абразіў гонар і годнасць Назарбаева. А якія могуць быць гонар і годнасць у прэзідэнта, які аплёўвае сваю краіну, плюе ў твар свайму народу, адмаўляючы гісторыю краіны. Мне прысудзілі два гады калоніі. Гэта ўсё адбываецца на гэтым фоне. Назарбаеў увогуле - калабарацыяніст, чалавек, які заўсёды стаяў за тое, каб Казахстан увайшоў у склад Расеі, ён быў супраць незалежнасці ў свой час. Ён быў за захаванне таго Саюза. Ён увесь час упарта вёў краіну да Еўразійскага саюзу, ён з'яўляецца аўтарам гэтай ідэі.

- Надоечы Назарбаеў нагадаў аб праве Казахстана на выхад з Еўразійскай саюза, калі будуць уціскацца інтарэсы ягонай краіны.

- Ён гуляе. Гэта толькі фраза. Напраўду чалавека правяраюць справамі, не словамі. Назарбаеў 20 гадоў таму заявіў аб патрэбе Еўразійскай саюза і ўпарта вёў да гэтага, і сёлета падпісаў пагадненне, якое фактычна з'яўляецца пагадненнем, што пагражае незалежнасці Казахстана. Таму я не здзіўлены заявай Пуціна, калі сам прэзідэнт Казахстана пра гэта кажа. Яму ёсць на што спаслацца.

- Якая рэакцыя ў Казахстане на гэтую заяву?

- Розная, вядома. Казахстан не аднастайны, як і Украіна. У нас шмат тых, хто радаваўся таму, што Расея забрала Крым ва Украіны, і падтрымліваюць сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны. У нас нямала «каларадаў». Большасць з іх расейцы і расейскамоўныя, але і сярод казахаў ёсць такія замбаваныя, бо ў нас дамінуе расейская тэлевізія. Але ўсе людзі з цвярозым розумам, нармальныя людзі, грамадзяне Казахстана натуральна будуць абураныя і выкажуцца супраць. Паколькі гэтая заява прагучала сёння, пакуль яшчэ няма шырокай рэакцыі, але яна будзе.

Ранейшую заяву прэзідэнта Нурсултана Назарбаева аб тым, што Казахстан не меў дзяржаўнасці, казахскі палітолаг Айдос Сарым уважае за вельмі няўдалую:

«Гэта факт, што пры такіх межах, нават далёка за межамі гэтых меж, нашы продкі баранілі гэтыя землі гістарычна, асвойвалі ў народна-гаспадарчым сэнсе. За гэтыя землі ішла бесперапынная барацьба, часам нават на працягу стагоддзяў. І гэта зафіксавана ў розных гістарычных крыніцах. Такія няўдалыя выказванні напраўду даюць некаторыя аргумэнты нашым апанэнтам, напрыклад, тым жа расейскім нацыяналістам».

Палітолаг абвінаваціў улады ў скрыўленні гісторыі:

«Нашы ўлады проста адмаўляюць і 500-гадовую гісторыю казахаў, і нават казахска-савецкі перыяд гісторыі, якая б яна ні была. Гэтым самым, я мяркую, улады спрабуюць пераканаць грамадства ў тым, што казахская дзяржава пачыналася з чыстага аркуша. А гэта ўжо вялікая гістарычная і палітычная памылка. Што ж да гісторыі казахскай дзяржавы, то можна, вядома, спрачацца аб яе якасці або наколькі яна адпавядала нейкім агульнасусветным крытэрам ці стандартам, паводле якіх вызначаюць, што такое дзяржава, але казахская дзяржаўнасць - факт. Яна для свайго часу была вельмі актуальная і адмаўляць гэта, спрабаваць звесці гісторыю казахскай дзяржаўнасці да апошніх дваццаці гадоў, гэта нейкая неразумная, парадаксальная рэч».

Падаў Айдос Сарым і некаторыя гістарычныя факты:

«На пачатку нашай незалежнасці практычна кожны выступ лідэраў краіны суправаджалася спасылкай на Жаныбека і Керэя - заснавальнікаў Казахскага ханства, Абылай-хана, лідэраў аўтаноміі Алаш-Арды і гэтак далей. Тое, што ў Астане надоечы ўсталявалі помнік «Казахскай зямлі», і шэраг іншых фактаў сведчаць прынамсі пра разуменне ўладай таго, што дзяржаваўтваральным элемэнтам і галоўным носьбітам дзяржаўнасці ў гэтай краіне з'яўляюцца казахі і казахская гісторыя. Нават надоечы праведзены перапіс насельніцтва, у выніках якога сцвярджаецца, што ў нас казахі ўжо складаюць 67 адсоткаў насельніцтва, сведчыць, што мы ўжо маем кваліфікаваную і якасную большасць».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках